Янка Шутовіч

25.01.2017, 09:04  |  Навіны » БХД

Янка Шутовіч
Шутовіч Янка (1904–1973) – беларускі грамадска-культурны дзеяч, выдавец, літаратуразнаўца, магістр права (пляменнік кс. Віктара Шутовіча). Сябра ЦК БХД. Скарбнік Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

Нарадзіўся Янка Шутовіч ў сялянскай сям’і Ядвігі і Юзэфа Шутовічаў у вёсцы Шутовічы Ашмянскага павета (зараз Смаргонскі раён Гарадзенскай вобласці).

Пачатковую адукацыю атрымаў у вёсцы Сукневічы, дзе ў 1915 годзе скончыў чатырохкласную расейскую школу. З-за першай сусветнай вайны быў вымушаны перарваць навучанне да 1918 году. У 1918-1919 гадах вучыўся ў рускай народнай школе ў Глыбокім у другім класе. Увосень 1919 г. паступіў ў чацвёрты клас Віленскай беларускай гімназіі. Па яе заканчэнні ў 1924 годзе, адчуваючы пакліканне да духоўнага сану, паступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю, у якой у 1925 годзе здаў неабходныя экзамены за сярэднюю школу, неабходныя для працягвання далейшага навучання ў навучальных установах гуманітарнага тыпу. Невядома па якіх прычынах у хуткім часе пакінуў семінарыю і паступіў на юрыдычны факультэт Універсітэта Сцяпана Баторыя ў Вільні, які скончыў у 1934 годзе з дыпломам магістра права.

Пачаў друкавацца ў 1927 годзе. З 1928 года — у розныя гады рэдактар часопісаў «Студэнцкая думка», «Калосьсе», «Шлях моладзі». Пісаў гістарычныя і літаратуразнаўчыя артыкулы, напрыклад даследванне пра паэта ХІХ ст. Адама Гурыновіча. З 1933 па 1939 года рэдактар часопіса “Калосьсе”, дзе друкавалася большасць заходне-беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

Cябра ЦК БХД і скарбнік партыі з 1927 году і да другой паловы 1930-х.

За актыўную дзейнасць у справе беларускага нацыянальнага адраджэння напачатку 1939 году арыштаваны польскімі ўладамі. Зняволены ў лагеры Бяроза-Картуская. Вызвалены ў верасні 1939 году савецкімі войскамі.

У 1941 годзе прызначаны дырэктарам Віленскага беларускага музею. У той час музей знаходзіўся ў сістэме Літоўскай Акадэміі Навук, пасля быў выдзелены ў асобную самастойную адзінку, падпарадкаваную непасрэдна Дэпартаменту навукі і мастацтва. Штатных было 4 супрацоўнікі, і яшчэ некалькі працавала ў якасці няштатных. У той час вялася работа па стварэнні новых інвентарных кніг, парадкаванні экспанатаў, хаця час быў цяжкі і неспрыяльны – ішла вайна. У 1945 годзе музей быў зачынены. Янка Шутовіч напісаў грунтоўную манаграфію, прысвечаную 50-годдзю яго дзейнасці (да гэтага часу не апублікаваная).

Арыштаваны органамі НКДБ 19 лістапада 1944 году і прысуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі. Вызвалены з лагеру 28 жніўня 1954 году. Да 10 красавіка 1956 года — у высылцы ў Карагандзе і Сарані (Карагандзінская вобласць). У 1958 годзе рэабілітаваны.

Пасля высылкі вярнуўся ў Вільню. Уладкаваўся начным вартаўніком у Дзяржаўнай карціннай галерэі, якая тады знаходзілася ў будынку Катэдральнага касцёла. Яго жонка, літоўская паэтэса Она Міцюце, дачакалася вяртання мужа з лагераў, разам з Янкам выдала некалькі зборнічкаў вершаў.

Быў пазаштатным карэспандэнтам часопіса Саюза пісьменнікаў БССР «Полымя».

Памёр 9 снежня 1974 года ў Вільні. Пахаваны на могілках у Павілюнсе.

Алесь Адамковіч

Навіны па тэме