Віншуем з днём народзінаў Вольгу Кавалькову!
Шчыра віншуем з днём народзінаў кіраўніка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Менску, лідара Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольгу Кавалькову! Жадаем ёй веры, надзеі і любові, палітычнай і жыццёвай мудрасці, а таксама Божага дабраславення ва ўсіх справах!
Вольга Кавалькова – кіраўніца менскай арганізацыі БХД з 2014 года, арганізатар паспяховых кампаніяў “У абарону жыцця” і “Абаронім нашых дзяцей ад алкагалізму”, з 2015 года – лідар грамадскага “Хрысціянска-дэмакратычнага руху”.
Кавалькова Вольга Аляксандраўна нарадзілася ў Менску ў сям’і рабочых 26 студзеня 1984 года.
Навучалася: у 1990-1999 гадах – у сярэдняй школе № 200 Менска; у 1999 – 2002 – у Беларускім тэхнікуме бізнесу і права на юрыста; у 2002 – 2006 – у Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь на юрыста, у 2004 – 2005 – у Рэспубліканскім інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь на бухгалтара. Таксама асвоіла адукацыю: у рэкламным агенцтве “Артокс” – інтэрнэт-маркетолага, у ГУ «Жылкам» – кіраўніка нерухомай маёмасцю, ува Усходнееўрапейскай школе палітычных даследаванняў – палітолага.
У 2015 годзе стала адной з пераможцаў “Курсаў дыджэяў Адраджэння”, арганізаваных БХД.
Працавала: у 2004 -2007 ва Упраўленні сацыяльнай абароны адміністрацыі Партызанскага раёна Менска спецыялістам; у 2007 – 2008 у Адміністрацыі Савецкага раёна Менска – галоўным спецыялістам аддзела жыллёвай палітыкі; у 2008 – 2011 – у Прыватным вытворча-будаўнічым унітарным прадпрыемстве «Аграматэх» – юрыстам; у 2009 -2011 – у Жыллёва-будаўнічым спажывецкім кааператыве № 791 («Каменная горка-5») – старшынёй праўлення, з 2012 – галоўным бухгалтарам, у 2011 – 2015 – у Жыллёва-будаўнічым спажывецкім кааператыве № 977 («Каменная горка-3») – старшынёй праўлення, у траўні 2011 – 2014 – у “Інстытуце павышэння кваліфікацыі” лектарам курса павышэння кваліфікацыі па кадрах і жыллёвым заканадаўстве.
У лістападзе 2011 года далучылася да партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя». З канца 2011 года – сябра Нацыянальнай рады партыі, з траўня 2014 года – кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі БХД, каардынатар кампаніі «У абарону жыцця», «Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю», «За якасную мэдыцыну».
У 2012-2013 – намеснік старшыні «Маладых хрысціянскіх дэмакратаў». З 2015 года старшыня Хрысціянска-дэмакратычнага руху.
У 2012-2014 гадах падчас «Еўрапейскага дыялогу па мадэрнізацыі» з Беларуссю была сябрам працоўнай групы «Юстыцыя і ўнутраныя справы, у тым ліку праблемы мабільнасці, кантакты паміж людзьмі».
У 2014 правяла кампанію як прамоўца БХД падчас “выбараў” Менскага гарадскога савета дэпутатаў, а ў 2016 – Палаты прадстаўнікоў.
Паводле аўтабіяграфіі