Таццяна Севярынец патрабуе навесці парадак на вуліцах Віцебска
Патрабаванне навесці парадак у Віцебску накіравала ў электронным звароце на сайт гарвыканкаму каардынатар аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі па Віцебску і вобласці Таццяна Севярынец.
“Непрыглядна выглядае Віцебск у зімовы перыяд. Паўночная культурная сталіца Беларусі выглядае жахліва. Вылізаны цэнтр кантрастуе з наваколлем: гурбы бруднага снегу, каша на вуліцах і дварах, няшчасныя мінакі, што спрабуюць прабрацца-пераплыць з прыпынку ў транспарт альбо перайсці вуліцу, дзе трэба пераадолець вільготны завал, затым праявіць спартовыя здольнасці, каб перамахнуць аграмадныя лужыны, альбо месяць снег па дарожках. Цэнтр у цёмныя часы сутак ззяе ілюмінацыяй, а перыферыйныя вуліцы асвятляюцца толькі снегам ды рэдкім ліхтаром. Людзі пінгвінняй хадой перасоўваюцца па ледзяных дарожках, падаюць, ламаюць косткі”, – адзначыла яна.