Генадзь Грушавы – той, хто звярнуў увагу свету на Чарнобыльскую катастрофу
28 студзеня споўнілася тры гады са дня смерці ў 2014 годзе беларускага палітыка і грамадскага дзеяча Генадзя Грушавога. Генадзь Уладзіміравіч Грушавы – ініцыятар стварэння Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Партыі, старшыня фонду “Дзецям Чарнобылю”, доктар філасофскіх навук (1994), прафесар (1995) і дэпутат Вярхоўнага Савета 12 і 13 скліканняў. Адзін з найвялікшых дабрачынцаў у найноўшай гісторыі Беларусі – дзякуючы яму, 116 тысячаў беларускіх дзяцей атрымалі лячэнне альбо былі накіраваныя на аздараўленне ў краіны Еўропы пасля Чарнобыльскай катастрофы, і каля 2 мільёнаў беларусаў атрымалі дапамогу альбо лекі.
Нарадзіўся Генадзь Грушавы 27 ліпеня 1950 года ў Мінску. Скончыў СШ 50 з фізіка-матэматычным ухілам, але паступіў на філасофскі факультэт БДУ, дзе з 1973 года і да самай смерці выкладаў.
У 1978 годзе абараніў кандыдацкую “Аказіяналізм Нікаля Мальбранша” (пераасэнсаванне філасофіі Дэкарта).
На хвалі Перабудовы і Адраджэння Генадзь Грушавы далучыўся да Беларускага Народнага Фронту – і ў 1989 годзе узначаліў “чарнобыльскую” Камісію БНФ. 20 лістапада заснаваў фонд “Дзецям Чарнобыля”, які стаў справай усяго ягонага жыцця. Грушавы паставіў сваёй задачай захаваць генафонд беларускай нацыі, падарваны Чарнобылем – і праз дабрачынныя арганізацыі ды цэрквы усяго свету наладжваў каналы пастаўкі гуманітарнай дапамогі, лекаў і дамаўляўся пра прыём чарнобыльскіх дзяцей на аздараўленне ў краіны Еўропы.
У 1990 годзе абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 12 склікання. Быў сябрам фракцыі БНФ, сябрам Камісіі па праблемах Чарнобыльскай катастрофы і Камісіі па заканадаўстве. У 1991 годзе Генадзь Грушавы стаў прарэктарам Інстытута сучасных ведаў.
4 снежня 1994 года прайшла устаноўчая канферэнцыя Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Партыі, стварэнне якой ініцыяваў Генадзь Грушавы. 21 сакавіка 1995 года БХДП была зарэгістраваная.
У 1995 годзе пераабраны дэпутатам Вярхоўнага Савету. Пасля “рэферэндуму” 1996 года выбаршчыкі Генадзя Грушавога і грамадскія арганізацыі Беларусі сабралі 116 тысячаў подпісаў з патрабаваннем прызнаць абранне дэпутата Грушавога сапраўдным – але Вярхоўны Савет 13 склікання указам Лукашэнкі быў распушчаны. У 1999 годзе была ліквідаваная і Беларуская хрысьціянска-дэмакратычная партыя.
У 1997 годзе Генадзь Грушавы быў каардынатарам Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацый Беларусі (1997). Арганізатар Моладзевага хрысціянска-сацыяльнага саюза, больш як 70 груп самадапамогі, сеткі моладзевых сацыяльных цэнтраў «Майстэрня будучага» ў розных рэгіёнах Беларусі (з 1997), сустаршыня грамадзянскага камітэта «Выбар-2001» (2000—2001).
Сябра каардынацыйнай рады Міжнароднага бюро міру (Жэнэва).
У 1999 годзе быў узнагароджаны прэміяй фонда Рафта ў Нарвегіі за заслугі ў змаганні за правы чалавека ў Беларусі.
“Ня мэдыкі, а філосаф Грушавы здолеў звярнуць увагу Еўропы і свету на маштабы чарнобыльскай катастрофы і неабходнасць ратаваць генафонд найбольш пацярпелай краіны”, – напісаў пра Генадзя Грушавога у “Імёнах Свабоды” Уладзімір Арлоў.
Памёр Генадзь Уладзіміравіч 28 студзеня 2014 года ад “чарнобыльскай хваробы” – раку крыві. Пахаваны на Паўночных могілках у Менску.
Павел Севярынец