Віталь Рымашэўскі: расейскую грамадскасць рыхтуюць да ціску на Беларусь

06 лютага 2017 13:42  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі: расейскую грамадскасць рыхтуюць да ціску на Беларусь

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі ў інтэрв’ю bchd.info пракаментаваў нарастаючую ў расейскіх СМІ хвалі заяваў пра нібыта дрэйф Беларусі ў бок Еўразвязу і ўвогуле Захаду.

“Ніякіх падстаў для такіх заяў на сённяшні дзень абсалютна не існуе. Так, еўрапейскія чыноўнікі вядуць размовы з Менскам, адбываюцца двухбаковыя візіты, ёсць пэўныя дамоўленасці, але ніякага прарыўнога плёну ад гэтых перамоў чакаць не выпадае”, – заявіў ён.

Палітык нагадаў, што Беларусь дагэтуль не падпісала базавае пагадненне аб супрацы з ЕЗ, якое тая ж Расея падпісала яшчэ ў 1994 годзе. “Але, нягледзячы на пацяпленне, у Еўразвязе негатовыя нават размаўляць на гэтую тэму з беларускімі ўладамі, бо еўрапейскія палітыкі і чыноўнікі не хочуць стаць закладнікамі непрадказальнасці беларускіх уладаў. Аляксандру Лукашэнку на Захадзе не давяраюць і баяцца з ім мець справы”, – адзначыў сустаршыня БХД.

Паводле яго, сённяшнія перамовы з ЕЗ не змогуць прывесці да хоць якой-небудзь істотнай прапановы з боку ЕС, якая б магла кампенсаваць страты Беларусі ад разрыву сённяшніх стасункаў з Расеяй.

“Тое, што робіцца зараз з боку Расеі, мае на мэце толькі адно – падрыхтаваць расейскую думку да ціску Крамля на Беларусь. Я перакананы, што ў бліжэйшы час ціск будзе ў эканоміцы, у прыватнасці, будзе надалей блакавацца беларуская прадукцыя, Расея не пойдзе на саступкі па нафце і газе. І мэта гэтага – прымусіць Лукашэнку падпісаць тыя пагадненні, перамовы пра якія вядуцца кулуарна ўжо даўно. Хутчэй за ўсё, гэта расейская вайсковая база, а таксама прыватызацыя апошніх прыбытковых беларускіх прадпрыемстваў. Часткова Лукашэнка сам пералічыў гэтыя прадпрыемствы ў сваёй апошняй сустрэчы з журналістамі. Таму мэта такіх дзеянняў – прымусіць Беларусь да чарговага кроку па страце суверэнітэту”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

На яго думку, шуміха ў расейскіх СМІ пра нібыта паварот Лукашэнкі на Захад мусіць апраўдаць у вачах расейскага грамадства будучыя варожыя крокі расейскага ўраду да Беларусі. “Безумоўна, на гэтых саступках Крэмль не спыніцца. Сёння ўжо расейскія аналітыкі прамым тэкстам кажуць, што Расея мусіць вызначаць, хто будзе міністрам у Беларусі. У прыватнасці, для расейскай прапаганды робяць жупел з Уладзіміра Макея, нібыта ліберала і натаўскага шпіёна, як бы гэта смешна не гучала”, – мяркуе суразмоўца.

“Упершыню Расея выстаўляе патрабаванні вельмі жорсткія. Па сутнасці, Лукашэнку спрабуюць зламаць. І апошнія заявы з яго боку пра падачу ў суд на Расею і пра незалежнасць замест нафты – гэта сур’ёзны прэцэдэнт”, – дадаў ён.

У гэтай сітуацыі, заявіў сустаршыня БХД, беларускім дэмакратычным сілам неабходна яднацца і ствараць шырокую дэмакратычную кааліцыю, у якую б маглі ўваходзіць і няўрадавыя арганізацыі, і прадстаўнікі незалежнага бізнэсу. “Мы мусім выпрацоўваць свой парадак дня ў перамовах паміж ЕС і Беларуссю і праводзіць свае кампаніі. Тое, што прапануюць сёння еўрапейскія чыноўнікі, у прыватнасці, супрацу па асобных накірунках і магчымую невялікую эканамічную падтрымку без сістэмных рэформ, будзе азначаць, што наша краіна працягне эканамічную і палітычную стагнацыю, якая яшчэ больш будзе пагражаць суверэнітэту краіны”, – заключыў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін