У Полацку БХД збірае подпісы за перайменаванне вуліцы Дзяржынскага ў вуліцу Францішка Будзькі
Полацкія сябры Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі пачалі да 100-годдзя партыі кампанію за перайменаванне вуліцы Дзяржынскага ў вуліцу Францішка Будзькі.
Францішак Будзька (1884-1920), адзін з заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху ў ХХ стагоддзі і перакладчык духоўнай літаратуры на беларускую, родам з Полаччыны, пэўны час служыў у полацкім касцёле.
Збор подпісаў ідзе менавіта сярод жыхароў вуліцы Дзяржынскага.
– Збіраць няпроста. Многія людзі гавораць, што “Дзяржынскі іх задавальняе”, – кажа кіраўніца БХД Полацка Дзіяна Чэбышава. – Адзін чалавек наогул напісаў упоперак нашага аркуша з ужо сабранымі подпісамі мацернае слова. Але шмат хто і падпісваецца. Распавядаем, хто такі Будзька, і што зрабіў Дзяржынскі.
Да стагоддзя БХД беларускія хрысціянскія дэмакраты плануюць сабраць подпісы за перайменаванне вуліцаў у больш як 60 гарадах і мястэчках Беларусі.