Андрэй Цікота: святар, які ламаў стэрэатыпы
Архімандрыт Андрэй Цікота — той чалавек, пра якога, як і пра Хрыста, можна сказаць “Быў замучаны і пахаваны”. За сваю місіянерскую, адраджэнскую і грамадскую дзейнасць ён правёў свае апошнія гады ў адным з лагераў Сібіры. Андрэй Цікота быў адным з тых людзей, якім Бог даручыў важнае заданне на зямлі: ламаць стэрэатыпы, якія сцвярджалі, што “калі праваслаўны, то ты — рускі, а калі каталік — паляк”. Айцу Андрэю праз усё жыццё прыйшлося супрацьстаяць ідэалагічна двум бакам – абрусіцелям і паланізатарам беларусаў.
Андрэй Цікота нарадзіўся 5 снежня 1891 году на хутары Плавушка непадалёку ад фальварка Тупальшчына Дуброўскай воласці Свянцянскага павету Віленскай губерні ў сялянскай сям’і Фелікса і Разаліі Цікотаў. 15 снежня 1890 года ён быў ахрышчаны ў рыма-каталіцкім храме мястэчка Жодзішкі. У школе Андрэй Цікота вучыўся ў Ашмянах.
13 чэрвеня 1913 года Андрэй Цікота быў высвечаны, але ў той жа час працягваў вучобу. Душпастырскую дзейнасць Андрэй Цікота распачаў у Маладзечна (1917-1918), затым служыў у Мінску. Ён скончыў духоўную акадэмію ўжо ў Петраградзе ў 1917 годзе. У гэтым жа годзе ён вяртаецца ў Беларусь, служыць у Маладзечна, Вілейцы, Будславе. Ён актыўна далучаецца да грамадскага жыцця, у 1917 годзе ўдзельнічае ў І-м з’ездзе беларускіх каталіцкіх святароў у Мінску, з’яўляецца сябрам Саюзу ксяндзоў-беларусаў. У 1918 годзе а.Андрэй Цікота працуе прафесарам у Мінскай духоўнай семінарыі. У 1918 годзе яго абралі ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, у верасні 1919 года – Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску.
1 верасня 1920 года Андрэй Цікота ўступае ў Ордэн айцоў марыянаў. 7 траўня 1924 года заснаваў кляштар марыянаў у Друі пры фінансавай дапамозе Магдалены Радзівіл. За гады знаходжання ў Друі Цікота заснаваў некалькі пачатковых школаў, а затым і гімназію імя Стафана Баторыя, а таксама жаночую прафесійную вучэльню кройкі і шыцця. Шматнацыянальны і шматканфесійны характар вучэбных устаноў (у якія прымалі не толькі хрысціянаў, але і габрэяў) выклікаў моцнае раздражненне антысемітаў. Пры кляштары быў адчынены гарадскі тэатар, выдавалася рэлігійная міжканфесійная газэта. Дзейнасць айца Андрэя спрыяла і гаспадарчаму развіццю Друі — горад быў электрыфікаваны і ў ім была адчыненая каса ўзаемадапамогі.
У 1933 годзе а.Андрэй Цікота быў абраны генеральным суперыёрам Ордэну айцоў марыянаў і жыў падчас выканання абавязкаў генерала закону ў Рыме. Ён становіцца рэлігійным дзеячом міжнароднага маштабу. Але гэта не ўратавала мужчынскі кляштар марыянаў у Друі ад рэпрэсіяў з боку польскіх уладаў. У 1938 годзе беларускія манахі былі выселеныя з Друі. Друя была памежным мястэчкам, а іх палічылі недабранадзейнымі.
Беларускія ксяндзы пераследваліся польскімі ўладамі, бо тады ішла палітыка паланізацыі. Таму не дзіва, што айцы-марыяне аказаліся на місійнай працы аж у Маньчжурыі, дзе яны мусілі працаваць у місіі для каталікоў усходняга абраду (уніятаў). У 1939 годзе а.Андрэй Цікота быў прызначаны Апостальскім адміністратарам для ўніятаў Маньчжурыі і выехаў на місію.
Місійная дзейнасць Андрэя Цікоты скончылася трагічна. У 1948 годзе яго разам з іншымі трыма айцамі-марыянамі арыштавала кітайская камуністычная міліцыя і перадала савецкім уладам. Пяць месяцаў айца Андрэя трымалі у чыцінскай турме. Яго катавалі, спрабаваўшы схіліць да супрацы. Айцу Андрэю прапанавалі ўзначаліць незалежны ад Ватыкану Касцёл Беларусі. Нешта падобнае зрабілі камуністычныя ўлады ў Кітаі, змусіўшы некаторых каталіцкіх святароў парваць духоўныя і адміністрацыйныя сувязі з Ватыканам і абвясціць незалежны каталіцкі Касцёл у Кітаі.
Айцец Андрэй Цікота не пагадзіўся з такой прапановай. За гэта ён быў жорстка пакараны. Праз пяць месяцаў зняволення асобная камісія міністэрства дзяржаўнай бяспекі ў Маскве завочна асуджае яго за антысавецкую агітацыю, арганізацыю тэрарыстычнай групоўкі і шпіянаж на карысць Ватыкану і Японіі да 25-і гадоў зняволення ў лагеры. Андрэй Цікота цярпліва, без скаргаў на лёс, мужна працягваў высока несці свой пакутлівы крыж – і адбываў зняволенне ў лагерах Іркуцкай вобласці.
З лістоў айца можна даведацца пра цяжкі стан яго здароўя. Нягледзячы на сваё гаротнае становішча, ён клапоціцца пра тое, што сёстры самі могуць цярпець нястачу: “Яшчэ раз хачу падкрэсліць – занадта сябе не абцяжарвайце і прысылайце што-кольвек толькі, калі будзе магчымасць”.
Пра што не забываецца прасіць а.Андрэй Цікота ў лістах, дык гэта пра белыя сухары і разынкі. Першыя яму былі патрэбныя для прыгатавання аплатак, а другія — для вырабу віна. У лагеры ён служыў службу: “Калі ў вас будзе магчымасць, прышліце, калі ласка, хоць 300 ці 400 грамаў разынак ды сухароў з сапраўднай пшанічнай мукі. Гэта патрэбна для майго здароўя”. У іншым лісце ён піша: “Асабліва я вам удзячны за ягады, якія мне вельмі дапамагаюць. Я карыстаюся імі амаль штодзённа, але вельмі ашчадна”.
Айцец Андрэй Цікота рэальна ацэньвае свае шанцы на жыццё. Пішучы пра магчымы зыход з жыцця, ён паведамляе: “Я думаю пра яго не толькі спакойна, але нават з радасцю, і толькі прашу Усемагутнага, каб гэты зыход быў згодны з Яго воляю”.
У 1952 годзе 11 лютага айцец Андрэй Цікота памірае ў лагернай бальнічцы №2 “Азёрбуду”. Пахаваны архімандрыт на лагерных могілках каля пасёлку Нова-Чунка Шыткінскага раёну Іркуцкай вобласці. Дзе зараз яго магіла – невядома.
З ініцыятывы Каталіцкай Царквы ў Расіі 31 траўня 2003 года ў Рыме афіцыйна быў распачаты працэс беатыфікацыі Слугі Божага архімандрыта Андрэя Цікоты.
На радзіме святара на могілках у Жодзішках, побач з магілай старэйшага брата Фелікса Цікоты — дзеяча беларускага руху, на Дзяды 2003 года гарадзенскімі грэка-каталікамі быў усталяваны сімвалічны памятны крыж архімандрыту Андрэю Цікоту.
Вікторыя Чаплева