Віншуем з днём народзінаў Таісію Кабанчук!
Віншуем з днём народзінаў каардынатара аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Таісію Кабанчук. Жадаем ёй моцнай веры, сілаў, здароўя і Божай ласкі як у прыватным жыцці, гэтак і ў змаганні за Беларусь.
Таісія Карпаўна Кабанчук нарадзілася 14 лютага 1954 года ў вёсцы Сяргеевічы Кіраўскага раена Магілёўскай вобласці. Тут нарадзіліся і бацькі: Вольга Цімафееўна Міхалап (1923-2003) і Карп Пракопавіч Міхалап (1917-1993). Абое з заможных сялянскіх сем’яў, за што і былі рэпрэсаваны іх бацькі – дзядулі і бабуля Таісіі Карпаўны.
Дзядуля, Цімафей Іванавіч Баранчук, быў сасланы у 1937 годзе на будоўлю Беламора-Балтыйскага каналу, дзе і загінуў. А бабуля – Улляна Фадзееўна Баранчук – была асуджаная ў 1945 на 10 год турмы. Па яе словах: ”За тое, што ў калгас не ўступіла і малілася Богу”. Яна была з вернікаў-катакомбнікаў. Адседзела ў Бабруйскай турме восем гадоў. Апошнія 30 год свайго жыцця пражыла сляпой, прамаліўшыся Богу да апошняга дня. Другі дзед па бацьку, Пракоп Барысавіч Міхалап, быў таксама рэпрэсаваны і сасланы на Далёкі Ўсход, дзе і памёр ад цяжкай працы і хваробы. Бабулю Феадосію Фамінічну Міхалап улады не чапалі, бо на вайне ў 1942-м загінуў яе старэйшы сын Рыгор.
Бацьку Таісіі Карпаўны, Карпа Пракопавіча Міхалапа, удзельніка Фінскай вайны, забралі на фронт пасля вызвалення Бабруйшчыны ад немцаў. Пабраліся шлюбам бацькі ў пачатку вайны. Маці, цяжарную на восьмым месяцы, немцы забралі для работ у Германію. Там нарадзілася і праз паўгады памерла старэйшая сястра Ірына. Малодшая сястра Наталля жыве ў Менску і з’яўляецца Старшынёй Сеньёрскай арганізацыі БХД.
Па прафесіі Таісія Карпаўна – бібліятэкар. Ветэран працы. З 1973 года па 1981 працавала ва ўстановах культуры і адукацыі на любімай Магілёўшчыне. У 1981 годзе звольнілася з пасады загадчыцы прафсаюзнай бібліятэкі Бабруйскай фабрыкі “Славянка” і паехала са сваім мужам у Франкфурт-на-Одэры да яго месца службы. Там працавала 5 гадоў загадчыцай бібліятэкі у вайсковай частцы. З 1987 па 1998 год працавала ў Бабруйскім аўтатранспартным каледжы старэйшым бібліятэкарам-бібліёграфам.
З мая 1998 па 2002 даглядала цётку, інваліда першай групы. За гэты час набыла спецыяльнасць бухгалтара і менеджара, зарэгістравала ІП “Дызайн-агенцтва”. Працавала да пенсіі ў розных галінах гаспадаркі. Зараз – пенсіянер.
Маці і бабуля – мае двох сыноў і трох унукаў.
Палітычная і грамадская дзейнасць пачалася пасля арышту ў Менску старэйшага сына Вадзіма, маладафронтаўца, за ўдзел у вулічных пратэстных акцыях у 1997 годзе. Падчас паездак у Менск (для допытаў і перадач сыну на “Валадарку”) пазнаёмілася з лідарам Маладога фронту Паўлам Севярынцам, палітычнай і культурніцкай элітай Менску. На сядзібе БНФ першы раз паразмаўляла з Васілём Быкавым і атрымала ад яго кнігу “Сцяна” з аўтографам. З той пары стала больш пільна сачыць за палітычнымі падзеямі і прымаць удзел у мітынгах. У 1998 года стала сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, заснавальнікам ГА “Ветэраны Адраджэння”, актывісткай інфармацыйна-адукацыйнага цэнтра для жанчын “Надзея”.
У 2000 года Таісія Кабанчук стварыла у Бабруйску першасную суполку БСДП. Пасля ўзначаліла Магілёўскую абласную арганізацыю БСДП і стала сябрам ЦК БСДП. У 2006 годзе, падчас прэзідэнцкай кампаніі, была даверанай асобай кандыдата ў Прэзідэнты Аляксандра Казуліна. У 2008 годзе выйшла з БСДП у знак нязгоды з пазбаўленнем старшынства Казуліна, які у той час сядзеў за кратамі.
У 2008 была зарэгістравана кандыдатам у Палату Прадстаўнікоў па Асіповіцкай выбарчай акрузе №89 як беспартыйная.
З 2009 – сябра Аргкамітэта па стварэнні БХД. Дэлегат усіх устаноўчых з’ездаў БХД. Сябра Нацыянальнай Рады. Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БХД.
У 2010 года – давераная асоба кандыдата у Прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, арганізатарка сустрэчаў БХД па Магілёўшчыне.
Таісія Карпаўна Кабанчук – адна з найбольш актыўных рэгіянальных лідараў БХД, удзельніца і арганізатарка партыйных кампаніяў на Магілёўшчыне, заснавальніца структураў БХД у Клічаве, Быхаве, Кіраўску, Асіповічах, Бялынічах, Ялізаве.
Паводле аўтабіяграфіі