15 лютага – дзень смерці Язэпа Рэшаця

15 лютага 2017 08:59  |  БХД

15 лютага - дзень смерці Язэпа Рэшаця

15 лютага – дзень смерці Язэпа Рэшаця, доктара філасофіі і тэалогіі, публіцыста, драматурга, прыхільніка БХД.

У кожнага беларускага святара – дзеяча БХД – была пэўная разынка, або накірунак дзейнасці, у якім найбольш выявілася яго ахвяра для Беларусі. У Язэпа Рэшаця такая разынка заключалася ў яго навуковасці, тэалагічнасці і надзвычай добрай адукацыі.

Нарадзіўся Язэп у мястэчку Рушчаны у Віленскай губерні 28 жніўня 1890 года. У 1910 годзе ён скончыў Беластоцкую гімназію. Да беларускасці малады семінарыст прыйшоў у Вільні. Там жа у 1913 годзе ён пачаў супрацоўнічаць з каталіцкім тыднёвікам “Беларус”. Навучаўся ў Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме (1913—1919), які скончыў са ступенню доктара філасофіі і тэалогіі. Пасля ён навучаўся ў папскім Усходнім інстытуце (1919—1921) і ў Collegium Germanicum. У Рыме 2 снежня 1917 года Язэп Рэшаць быў рукапакладзены ў святары.

У 1921 годзе Рэшаць вярнуўся на Бацькаўшчыну. Напачатку працаваў вікарыем у Гародні. Прафесар філасофіі і апалагетыкі Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі, ён выкладаў ва ўніверсітэце імя Стэфана Баторыя, Віленскай беларускай гімназіі.

Рэшаць рэгулярна супрацоўнічаў з выданнямі БХД. Ён выдаў некалькі тэалагічных працаў у 1928-1929 гадах. У 1927 пад крыптаграмай І.Р. выдаў «Асновы хрысціянскай веры для беларускага народу», якія былі надрукаваныя кірыліцай. А пад сваім прозвішчам і на лацінцы ён надрукаваў «Кароткі катэхізіс для беларусаў-каталікоў». Кніга была выдадзена за кошт арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага.

У складзе беларускай дэлегацыі Язэп Рэшаць удзельнічаў у працы 5-га ўніяцкага кангрэса ў Велеградзе (Чэхаславаччына; 20—24 ліпеня 1927). Прымаў удзел і ў распрацоўцы статуту Лігі абароны правоў беларусаў-каталікоў. Паводле ўспамінаў айца Пятра Татарыновіча, святар Язэп Рэшаць быў адным з найбольш адданых прыхільнікаў апостальства ў родным духу і мове. Калі некаторыя ксяндзы спрабавалі сябе ў якасці паэтаў, то Язэп Рэшаць зарэкамендаваў сябе як драматург. Свае п’есы ён выдаваў пад псеўданімам Язэп Рушчанец. Верагодна, што такі псеўданім ён сабе абраў хутчэй за ўсё праз назву яго роднага мястэчка — Рушчаны. Да нас дайшлі яго п’есы пад назвамі «Першыя ластаўкі», «Зорка-ідэя».

У 1938 годзе Язэп Рэшаць эміграваў у ЗША, да ксяндза Яна Тарасевіча ў Ляйль (Ліс-Ілінойс), што каля Чыкага. Там уступіў у ордэн св. Бенедыкта ў абацтве св. Пракопа. Пасля году навіцыяту атрымаў манаскае імя Апанас.

Памёр Язэп Рэшаць 15 лютага 1958 года.

Язэп Рэшаць — выбітны беларускі навуковец і тэолаг у гісторыі хрысціянскага руху ХХ стагоддзя. Акрамя вышэй названых твораў, працаў і п’есаў Язэп Рэшаць выдаў такія кнігі як «З Хрысьціянскай Аполёгэтыкі», «Сьвятыя», «Кароткі Катэхізм для Беларусаў-Каталікоў» (яго можна знайсці на “Беларускай палічцы”) і іншыя. Напрыканцы 1941 году ў Менску без дазволу нямецкай цэнзуры ксёндз Станіслаў Глякоўскі перавыдаў беларускі катэхізіс Язэпа Рэшаця.

Сястра Язэпа Рэшаця – Марыя, стала жонкай вядомага беларускага грамадска-культурніцкага дзеяча Браніслава Туронка, і матуляй Юрыя Туронка – вядомага беларускага гісторыка.

Вікторыя Чаплева

Болей навін