Віталь Рымашэўскі прапанаваў Аляксандру Якабсону разам пазбіраць подпісы супраць дэкрэту аб дармаедах
Падчас сустрэчы з памочнікам прэзідэнта па Менску Аляксандрам Якабсонам сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі і старшыня Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова перадалі яму подпісы грамадзян пад зваротам супраць дэкрэту аб дармаедстве з патрабаваннем адмяніць яго.
Кіраўнікі БХД і ХДР прынеслі таксама аналіз дэкрэту, зроблены незалежнымі юрыстамі і праваабаронцамі, у якім адзначаецца яго неадпаведнасць Канстытуцыі, міжнародным дамовам і рэкамендацыя скасаваць дэкрэт.
“Рэакцыя была такая, што ўлады паглядзяць, наколькі будзе эфектыўна працаваць дэкрэт. Гэта значыць, што калі беларусы будуць цярпець і плаціць падатак, то ён застаецца. Таксама ў такім разе з’явяцца і новыя падаткі: на паветра, якім дыхаем, на зямлю, па якой ходзім. Адзінае выйсце – гэта, калі людзі не будуць сплачваць падатак на дармаедства і будуць удзельнічаць у акцыях пратэсту любым чынам, хаця б у выглядзе збору подпісаў супраць дэкрэту”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.
“Тое, што ўлады праводзяць такія сустрэчы па ўсёй краіне, кажа аб тым, што яны бачаць сацыяльную напружанасць. Але людзі прыходзяць са сваімі праблемамі. І калі 15 чалавек прыйдзе, то яны яшчэ неяк змогуць паразмаўляць, а астатнія 400 тыс. не змогуць патрапіць на прыём, і рашэнне па іх прынятае не будзе. Гэта сведчыць, што трэба аб’ядноўвацца, каб улады пабачылі колькасць людзей, якія выступаюць супраць гэтага дэкрэту”, – дадала Вольга Кавалькова.
Аляксандр Якабсон і яго памочнікі выказалі скепсіс адносна таго, што беларусы масава выступаюць супраць дэкрэту. “Я прапанаваў яму разам выйсці на вуліцу да людзей і пазбіраць подпісы, каб яны пераканаліся ў сваёй неправаце”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.