130 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Талочкі

18 лютага 2017 13:48  |  Грамадства

130 гадоў з дня нараджэння Уладзіслава Талочкі

18 лютага спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння беларускага рэлігійнага і культурна-асветнага дзяяча, рыма-каталіцкага святара, гісторыка, літаратурнага крытыка, “міністра замежных справаў” БХД Уладзіслава Талочкі (псеўданім Дрыгавіч).

Нарадзіўся Уладзіслаў Талочка ў Горадні 18 лютага 1887 года ў сям’і службоўца Гарадзенскай управы Аляксандра і яго жонкі Марыі.

У 1896 – 1904 гадах навучаўся ў Гарадзенскай гімназіі. З кастрычніка 1906 году – у Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пасвечаны ў святары ў 1909 годзе. У 1909 – 1914 гадах вывучаў тэалогію і філасофію ў Каталіцкім універсітэце ў Інсбруку (Аўстрыя).

З 1914 году жыве ў Вільні, праводзіць святарскую дзейнасць у касцёле св. Стафана і ў былым бернардынскім касцёле. Адным з першых пачаў ужываць беларускую мову ў набажэнствах. Супрацоўнічаў з літоўскімі культурніцкімі і рэлігійнымі выданнямі (як, напрыклад, ковенская «Draugija» і сейненская «Vadovas»). Публікаваў матэрыялы гістарычнай тэматыкі ў віленскім каталіцкім часопісе «Dwutygodnik Diecezjalny». Падтрымліваў выданне першай беларускай каталіцкай газэты «Biełarus».

У 1915 годзе адзін з арганізатараў Віленскага камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны і беларускага дзіцячага прытулку «Золак». У 1916–1918 Талочка працуе выкладчыкам рэлігіі ў першых беларускіх школах Вільні і на курсах для непісьменных і для рабочых.

У 1916–1918 шмат друкаваўся ў газеце «Homan».

З 1917 году – адзін з заснавальнікаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці, узяў на сябе міжнародныя зносіны ды перапіску з Ватыканам. Рэгулярна выступаў у друкаваным органе БХД газеце «Krynica».

Удзельнік Беларускага з’езду Віленшчыны і Гарадзеншчыны, які адбыўся 25 – 27 студзеня 1918 года. На з’ездзе Уладзіслаў Талочка выступіў з прамовай, дзе выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю.

“Дастойныя Панове! Няма ніякай споркі, што ад пачатку свету ў людзей заўсёды ў вялікай пашане былі: маці, вучыцель, апякун, гэта значыць людзі, каторыя спагадаюць малому і слабаму дзіцяці, паслабляюць яму вырасці, здабыць сабе навукі і стацца праўдзівым чалавекам і добрым сынам свайго народу. З другога боку ўсе ведаем, што можа няма вялікай крыўды, грэху, як забойства, душагубства, пакрыўджанне малых. З гэтых ужо некалькіх слоў ясна, дзе мой ідэал, як каталіцкага ксяндза, звязанага паходжаннем з беларускім народам. Вось мой ідэал – быць з гэтым народам. Для мяне гэта лагічны абавязак, а не якаясь рэч густу, сымпатыі. …. Тут маё месца, тут павінен сваю руку прылажыць я да работы…»

І гэтую пазіцыю, гатоўнасць ахвярна служыць беларускаму народу Талочка пранясе праз усё сваё жыццё.

Менавіта ксёндз Уладзіслаў Талочка уваходзіў у склад Літоўскай Тарыбы – першы ўрад Літоўскай рэспублікі – як прадстаўнік беларусаў.

На працягу 1918 – 1921 гадоў Талочка займае актыўную пазіцыю грамадска-культурнага дзеяча ў розных афіцыйных структурах. Ён быў адным з арганізатараў Камітэту дапамогі ахвярам вайны, сябра арганізацыйнага Камітэту Беларускай канферэнцыі ў Вільні, сябра Беларускай Вярхоўнай нацыянальнай Рады ў Вільні.

Супрацоўнічаў з нямецкім, італьянскім, літоўскім, украінскім, польскім друкам. За адстойванне ідэй экумэнізму быў празваны «Усходнім агенцтвам». Адзін з вядучых аўтараў часопісу «Przegląd Wileński».

З 1920-х Уладзіслаў Талочка пераследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі.

Уладзіслаў Талочка заўсёды быў прыкладам сумленнасці і заўжды абараняў праўду. Ягоны крытычны рацыяналізм і высокі інтэлект насцярожваў касцёльныя і свецкія ўлады. Высокую ацэнку ягонай дзейнасці даў беларускі каталіцкі святар Язэп Германовіч, які ў адным з сваіх лістоў назваў Адама Станкевіча і Уладзіслава Талочку “нашымі духоўнымі лідарамі”.

15 снежня 1938 года Уладзіслаў Талочка загадам віленскага ваяводы як «недобранадзейная асоба» выселены з Вільні і высланы ў Беласток. Жыў у Беластоку.

У Вільню вярнуўся пасля пачатку Другой сусветнай вайны, дзе неўзабаве памёр. Дата ягонай смерці – 13 лістапада 1942 года.

Пахаваны на віленскіх могілках Роса.

Анатоль Астапенка

Болей навін