БХД адзначыла юбілей Пазьняка (фота)
Сябры Беларускай хрысціянскай дэмакратыі на чале з сустаршынём партыі Паўлам Севярынцам і кіраўніком гарадзенскай арганізацыі Мікалаем Баўсюком разам з сябрамі і прыхільнікамі дэмакратычнага руху Лідчыны 19 лютага ў Суботніках Івейскага раёна адзначылі 130-гадовы юбілей лідара БХД Яна Пазьняка – дзеда Зянона Пазьняка.
Спярша актывісты з Менску, Гародні, Ліды, Іўя наведалі імшу ў касцёле ў Суботніках, дзе былі ахрышчаныя Ян і Зянон Пазьнякі. Святар правёў для гасцей экскурсію па касцёле, а лідскі бард Сяргей Чарняк выканаў тры хрысціянскія спевы.
Затым удзельнікі ўшанавання перамясціліся да хаты Пазьнякоў, дзе Павел Севярынец зачытаў эсэ Зянона Пазьняка “Слова пра Дзеда” – і правёў прэзентацыю кнігаў “БХД:1917-2017” і “100 асобаў БХД”, прысвечаных у тым ліку Яну і Зянону.
Напрыканцы мерапрыемства актывісты сфатаграфаваліся ля хаты Пазьнякоў са сцягам БХД.
На зваротным шляху менская дэлегацыя на чале з Паўлам Севярынцам наведала магілу сябра БХД, доктара філасофіі Ільдэфонса Бобіча ў Іўі.