Віншуем з днём народзінаў Змітра Кухлея!
Беларуская хрысціянская дэмакратыя шчыра віншуе з днём народзінаў аналітыка, палітолага, навукоўца, кіраўніка Інстытута дэмакратыі і сацыяльнага рынку, сябра Управы і Нацыянальнай рады БХД Змітра Кухлея.
Зміцер Кухлей нарадзіўся 21 лютага 1979 года ў Слоніме (Гарадзенская вобласць). Неўзабаве сям’я пераехала ў Масты, дзе правёў сваё дзяцінства і юнацтва.
Актывіст, а затым і раённы кіраўнік у шэрагах Маладога фронту.
У 2001 годзе скончыў Баранавіцкі дзяржаўны вышэйшы педагагічны каледж, спецыяльнасць – настаўнік ангельскай мовы, расейскай мовы і літаратуры. Навучаўся ў 2005-2006 гадах на паслядыпломных курсах па спецыяльнасці «мясцовае самакіраванне» ў Вышэйшай школе дзяржаўнага кіравання імя Станіслава Сташыца ў Беластоку (Польшча). У 2007 годзе скончыў магістратуру ЕГУ (Вільня, Летува) па спецыяльнасці паліталогія, дэмакратыя і грамадзянская супольнасць. У 2009 годзе па сканчэнні магістратуры Нацыянальнай акадэміі кіравання (Кіеў, Украіна) атрымаў дыплом з адзнакай па спецыяльнасці міжнародная эканоміка.
2007-2010 гадах – дэпутат Мастоўскага раённага Савета дэпутатаў.
Выпускнік Усходнееўрапейскай школы палітычных даследаванняў пры Радзе Еўропы. Удзельнік Летняга ўніверсітэта дэмакратыі ў Страсбургу 2009. Стажыраваўся ў Нямеччыне, Ангельшчыне, ЗША, Нарвегіі, Швецыі, Польшчы, Славаччыне, Чэхіі і Летуве.
Адзін з распрацоўшчыкаў праекта партыйнай праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам” (2015 год). Арганізатар і распрацоўшчык праектаў шэрагу стратэгічных дакументаў, даследаванняў, навучальных праграм і дапаможнікаў для актывістаў БХД у 2011 – 2016 гады. Адзін з арганізатараў праекта хуткіх рэформаў “Урад для народа” у 2015 годзе.
З 2014 года – выканаўчы дырэктар Інстытута развіцця (дэмакратыі) і сацыяльнага рынку для Беларусі і Ўсходняй Еўропы (Вільня, Літва/Менск, Беларусь). З 2012 года – старэйшы аналітык Аналітычнага беларускага цэнтра (Вільня, Літва). Аналітык сайта экспертнай супольнасці “Наше мнение” (Мінск, Беларусь) і Агенцтва сацыяльнай і палітычнай экспертызы.
Сталы аўтар зборніка аглядных і аналітычных матэрыялаў па развіцці сітуацыі ў Беларусі “Беларускі штогоднік”. Адзін з распрацоўшчыкаў праекту канцэпцыі рэфармавання сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі (2015) і аўтар стратэгічнага дакумента па адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформе Беларусі (2014). Эксперт беларуска-украінскага праекта “Новыя гарызонты: перспектывы беларуска-украінскіх адносінаў на міжнародным, міждзяржаўным і міжрэгіянальным узроўнях” (2009).
Паводле аўтабіяграфіі