«Так нічога ня зробіш — тут вілы трэба браць». У Менску апазыцыя зьбірала подпісы за адмену Дэкрэта № 3
Прадстаўнікі кампаніі «Мы не дармаеды» кажуць, што сабралі за адмену дэкрэту № 3 каля 75 тысяч подпісаў. Да 15 сакавіка яны плянуюць сабраць 100 тысяч.
Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, лідэр Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі і іншыя актывісты апазыцыі сёньня зьбіралі подпісы на пляцоўцы перад Камароўскім рынкам.
Подпісы супраць дэкрэту № 3 мінакі ставілі вельмі ахвотна. У пэўны момант людзі пачалі выстройвацца ў чэргі, каб паставіць свой подпіс — перад кожным са зьбіральнікаў стаялі па 3–4 чалавекі. Людзі актыўна ўступалі ў размовы і выказвалі сваё абурэньне.
— Я працую, але цяпер сытуацыя такая — заўтра кожны можа на вуліцы апынуцца, — кажа жанчына сярэдніх гадоў, ставячы свой подпіс.
— Што гэта за закон? Гэта ж нашае права — хочаш робіш, хочаш ня робіш. Але так, вядома, нічога ня зробіш, — дадае іншая жанчына, ківаючы на зьбіральнікаў подпісаў. — Тут вілы трэба браць!
Подпісы ў асноўным ставілі людзі старэйшага веку — прычым выглядала, што самі яны ў сваёй большасьці «лістоў шчасьця» не атрымлівалі. Моладзі перад Камароўкай амаль не было.
— Я, вядома, супраць дэкрэту. Людзі ходзяць бяз працы, уладкавацца немагчыма. Людзей вось пазвальнялі, а падатак пры гэтым налічылі, — абураецца мужчына, кажучы, што сам вымушаны распаўсюджваць рэклямныя ўлёткі, каб зарабіць хоць трохі.
Людзі наракаюць, што ўладкавацца на працу цяжка. Ня менш абурае іх тое, што некаторыя іх знаёмыя і суседзі атрымлівалі «лісты шчасьця» абсалютна беспадстаўна — напрыклад, калі былі ў дэкрэтным адпачынку.
Праўда, былі і тыя, хто нічога ня мае супраць дэкрэту і лічыць, што праблема дармаедзтва сапраўды існуе.
— Я лічу, што хто хоча, той знойдзе працу, — кажа мужчына пэнсійнага веку. — Шмат хто ня хоча працаваць. Боўтаюцца, хуліганяць — што з такімі рабіць?.. А падарваць усё ў краіне лёгка!
— Ды што тут ужо падрываць? — пачынаюць спрачацца зь ім тыя, хто вырашыў паставіць подпіс.
— А што, хочаце сюды Парашэнку прэзыдэнтам?
— Ды нам і Лукашэнкі хопіць. Зразумейце, чалавек парушыў Канстытуцыю! Колькі тэрмінаў ён ужо ва ўладзе?..
Адна жанчына спрабавала пасароміць Губарэвіча:
— Працаваць трэба ісьці, а ня подпісы зьбіраць. Колькі вам за гэта заплацілі? Малады чалавек, і стаіш тут — табе ня сорамна? Ішоў бы працаваць!..
Але такія рэакцыі былі адзінкавыя. Абсалютная большасьць людзей выказваліся супраць дэкрэту.
Анатоль Лябедзька ў размове з карэспандэнтам Свабоды сказаў, што цяперашні ўсплёск пратэстнай актыўнасьці быў прагназаваны і што апазыцыі трэба займацца каардынацыяй такіх выступленьняў, каб пазьбегнуць нэгатыўных сцэнараў разьвіцьця падзей.
«Па тэме дэкрэту мы пачалі працу яшчэ ў мінулым годзе. Але людзям тады яшчэ не прыйшлі „лісты шчасьця“. Разумееце, адна справа, калі ідзе размова пра нешта, што можа быць, а іншая справа, калі ў вашыя дзьверы грукнулі і да вас прыйшлі. Сёньня падтрымліваюць адмену дэкрэту аб дармаедах ня толькі тыя, у каго няма працы, але і людзі старэйшага ўзросту, хто разумее, што трэба змагацца зь беспрацоўем, а не зь беспрацоўнымі.
Вельмі важна цяпер апазыцыі захаваць каардынацыю. Бяз нас пратэстам могуць скарыстацца папулісты і некаторыя краіны, каб рэалізаваць свае сцэнары — мы гэта ўжо бачылі на прыкладзе Ўкраіны. Таму адказнасьць на апазыцыі вялікая. Нам трэба дамагчыся, каб гэты антыканстытуцыйны дэкрэт быў адменены, і трэба канцэнтравацца менавіта на гэтым», — кажа ён.
Размаўляючы з журналістамі, Віталь Рымашэўскі сказаў, што да 15 сакавіка плянуецца сабраць 100 тысяч подпісаў за адмену дэкрэту № 3. І дадаў, што пададзена заяўка на правядзеньне 15 сакавіка «Маршу недармаедаў».
«Мы заклікаем і Аляксандра Лукашэнку, і прэмʼер-міністра, і наагул усіх адказных за дзеяньне гэтага дэкрэту выйсьці да людзей 15 сакавіка. Мы чакаем іх на плошчы. Заўтра на вуліцы могуць выйсьці сотні тысяч, калі ўлада ня пойдзе на саступкі», — сказаў ён.
«Кампанія „Мы не дармаеды“ будзе дапамагаць людзям арганізоўваць акцыі ў рэгіёнах. Мы хочам падкрэсьліць, што дэкрэт № 3 — гэта не праблема Менску, не праблема Гомля. Гэта праблема ўсёй Беларусі. Таму ўжо на гэтых выходных рыхтуюцца акцыі ў рэгіёнах — Баранавічы, Віцебск, магчыма, Бабруйск. На наступных выходных стаіць на парадку дня Рагачоў, Берасьце. Так будзе адбывацца, пакуль дэкрэт не адменяць», — сказаў журналістам Лябедзька.
У аргкамітэт кампаніі «Мы не дармаеды» ўваходзяць Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, Абʼяднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет», Беларуская партыя «Зялёныя», аргкамітэты Партыі свабоды і прагрэсу і Партыі жанчын «Надзея», кампанія «Наш дом», а таксама рух «За свабоду».
Прадстаўнікі кампаніі плянуюць правесьці «Марш недармаедаў» у Менску 15 сакавіка па маршруце Акадэмія навук — плошча Бангалор. Мікалай Статкевіч, які арганізоўваў «Марш абураных беларусаў» 17 лютага, сказаў, што не падтрымае акцыю 15 сакавіка, патлумачыўшы гэта тым, што «нельга сыходзіць на Бангалор».