Дэмакратычныя сілы разам выпрацоўваюць рэформы ў галіне дэалкагалізацыі і барацьбы з наркотыкамі
Дэмакратычныя арганізацыі Беларусі прынялі рашэнне супольна выпрацоўваць праграму рэформ у галіне дэалкагалізацыі беларусаў і барацьбы з наркотыкамі. 20 лютага адбылося першае пасяджэнне адпаведнай працоўнай групы, якую ўзначаліла лідар Хрысціянска-дэмакратычнага руху, кіраўнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Менску Вольга Кавалькова.
А 22 лютага было праведзенае першае супольнае мерапрыемства – круглы стол на тэму “Актуальныя пытанні заканадаўства ў галіне незаконнага абароту наркатычных сродкаў”, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі БХД, кампаніі “Наш Дом”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускай партыі “Зялёныя”. Па выніках круглага стала былі накіраваныя прапановы ў органы дзяржаўнай улады па барацьбе з наркагандлем. У сакавіку запланаванае правядзенне круглага стала па сітуацыі з асуджанымі па артыкуле 328.
“Гэтая працоўная група створаная для рэфармавання праваўжывальнай практыкі і заканадаўства ў галіне абароту алкаголю і наркотыкаў у межах працы паглыбленага дыялогу, у якую ўваходзяць дзевяць дэмакратычных арганізацый Беларусі. Кожны год мы працуем над новымі тэмамі. Распрацоўваем супольныя праекты і супольныя пазіцыі. Сёлета мы плануем не толькі выпрацаваць супольныя прапановы, але і дасягнуць канкрэтных вынікаў. Таксама плануюцца міжнародныя канферэнцыі на пачатку лета”, – адзначыла Вольга Кавалькова.