Хрысціянскія дэмакраты перадалі ў Саўмін 2000 подпісаў супраць алкагалізацыі (відэа)
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі і старшыня Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова 27 лютага перадалі ў Савет міністраў, дзе зараз знаходзіцца на разглядзе праект указу аб рэгуляванні продажу алкаголю, больш за 2000 подпісаў у падтрымку прапаноў па дэалкагалізацыі насельніцтва Беларусі. Апроч таго, копіі подпісаў былі пададзеныя ў Палату прадстаўнікоў, Міністэрства аховы здароўя і іншыя профільныя ведамствы.
БХД з 2014 года праводзіць кампанію “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю”. Былі сабраныя дзясяткі тысяч подпісаў. Сярод іншага атрымалася дамагчыся забароны прыхаванай рэкламы алкаголю.
“Круглы стол, які мы правялі ў кастрычніку з удзелам дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і дзяржведамств, засведчыў важкасць праблемы алкагалізацыі насельніцтва і тое, што існуе кансэнсус большасці міністэрств у тым, што праблему трэба вырашаць. Таксама ёсць станоўчае стаўленне да прапаноў хрысціянскіх дэмакратаў. Адзінае міністэрства, якое выступае супраць, – міністэрства антыманапольнага рэгулявання (было міністэрства гандлю), пазіцыя якога палягае ў тым, каб атрымаць грошы за любы кошт: за кошт зламаных сем’яў, за кошт страчаных жыццяў, нягледзячы на перавышаючыя выдаткі на лекаванне ахвяр п’яных кіроўцаў, алкаголю. Але пазіцыя астатніх міністэрств дазваляе нам спадзявацца, што зараз нашы прапановы будуць прынятыя. А подпісы грамадзян гэтаму паспрыяюць”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.
“Нашы прапановы базуюцца на станоўчым досведзе еўрапейскіх краін, у прыватнасці скандынаўскіх, якія прайшлі праз праблему алкагалізацыі і з поспехам яе вырашаюць. Тыя крокі, што мы прапануем, ужо паказалі сваю эфектыўнасць. Над гэтымі прапановамі мы працуем разам з нашымі шведскімі калегамі, а таксама з іншымі палітычнымі сіламі Беларусі. Спадзяемся, што ў гэтай галіне рэфармаванне пачнецца. Дзякуй, усім тым, хто падтрымаў збор подпісаў. Бачна, што праца наша недарэмная, і ўдаецца хаця б невялікімі крокамі праблему вырашаць”, – падкрэсліла Вольга Кавалькова.