Каардынатара БХД у Магілёве расшуквае міліцэйскі маёр (абноўлена)
Каардынатара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Магілёве Алега Аксёнава расшуквае маёр міліцыі Яўген Слаўнікаў. З гэтай прычыны ён патэлефанаваў актывісту 27 лютага, запатрабаваўшы сустрэчу.
“Я яму распавёў, што калі ён жадае сустрэцца, то хай выклікае позвай. На гэта ён стаў дапытвацца, дзе я зараз знаходжуся, каб уручыць позву ў рукі. Але ён атрымаў адказ, што я магу знаходзіцца дзе заўгодна, пакуль не арыштаваны, і хай дасылаюць позву на хатні адрас”, – адзначыў Алег Аксёнаў.
Нягледзячы на першую адмову, з міліцыі Алегу Аксёнаву патэлефанавалі зноў і запатрабавалі паведаміць яго дакладнае месцазнаходжанне і заставацца там да прыезду міліцыі. Але зноў жа атрымалі адказ пра права знаходзіцца ў любым месцы ў любы час. Не зважаючы на пагрозы ў выглядзе адказнасці за адмову супрацы з міліцыяй, каардынатар БХД зноў параіў дасылаць яму афіцыйную позву на яго хатні адрас.