Віншуем з днём народзінаў Віталя Рымашэўскага!
Віншуем з днём народзінаў сустаршыню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага! Жадаем яму плёну ў працы, моцнай веры і Божых дабраславенняў для яго і ўсёй яго сям’і!
Рымашэўскі Віталь Анатольевіч нарадзіўся 3 сакавіка 1975 года ў Бабруйску ў працоўнай сям’і шляхецкага паходжання. Карані бацькі – з Глускага раёна (вёска Амур), маці – з Кіраўскага (Пацава Слабада). Праваслаўны хрысціянін.
У 1997 годзе скончыў Беларускі нацыянальна-тэхнічны ўніверсітэт (былы БДПА), інжынер-будаўнік. Пасля навучання працаваў па спецыяльнасці, пачынаючы ад шараговага супрацоўніка і да начальніка тэхнічнага аддзела. Затым пачаў займацца прыватным бізнесам. У 1999 годзе навучаўся ў Германіі на курсах Вышэйшай школы дзяржаўнага кіравання ў інстытуце “Саюз грамадскага кіравання”, вывучаў эканамічнае і палітычнае ўладкаванне ФРГ.
У палітыцы з 1996 года – пасля затрымання на акцыі апазіцыі на Дзень Волі 25 сакавіка 1996 года. Падчас акцыі Чарнобыльскі шлях 1996 года запісаўся ў Беларускі народны фронт. З 1996 года чалец Каардынацыйнай рады “Беларускага аб’яднання маладых палітыкаў”, у 2002-2004 гадах – чалец Прэзідыума Беларускай нацыянальнай рады моладзевых і дзіцячых грамадскіх арганізацыяў “Рада”. Адзін з распрацоўшчыкаў канцэпцыі новай моладзевай палітыкі Беларусі.
З’яўляўся сябрам “Маладога фронту”, быў намеснікам старшыні МФ. Каліноўская рада «Маладога фронту» (арганізацыя Першамайскага раёна Менска) за час кіраўніцтва Рымашэўскага была самай шматлікай і актыўнай сярод раённых, налічвала больш за 150 чалавек, выдавала сваю газету, праводзіла папулярныя дыскатэкі.
Далучаўся да шэрагу ініцыятываў па стварэнні хрысціянска-дэмакратычнай партыі. Быў намеснікам кіраўніка “Моладзевага хрысціянскага сацыяльнага саюзу” (МХСС), таксама ўдзельнічаў у няўдалай спробе былога старшыні Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі Генадзя Грушавога стварыць хрысціянскую дэмакратычную партыю. Паколькі хрысціянскіх партыяў на той момант у Беларусі не было, стаў сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, да моладзевага крыла якой далучыўся МХСС.
Быў адным з заснавальнікаў Руху “За Свабоду”. У 2005—2006 гадах – каардынатар перадвыбарнай кампаніі кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Аляксандра Мілінкевіча па Фрунзенскім раёне Мінску.
У 2005 годзе далучыўся да аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя». Сустаршыня аргкамітэту з 2006 года, сустаршыня стваранай партыі з 28 лютага 2009 года. У БХД Віталь Рымашэўскі ўзначальвае працу міжнароднага і адукацыйнага аддзела, курыруе працу моладзевай арганізацыі Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты. Быў адным з кіраўнікоў кампаніі “У абарону свабоды сумлення і веравызнання ў Беларусі”, у межах якой было сабрана больш за 50 тыс. подпісаў у абарону хрысціянаў.
У 2010 годзе вылучаны кандыдатам у прэзідэнты ад Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Падчас акцыі пратэсту 19 снежня на плошчы Незалежнасці быў збіты спецназам і затрыманы, змешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачаны па арт. 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі). Вызвалены з СІЗА 3 студзеня 2011 года пад падпіску аб нявыездзе.
30 сакавіка 2011 года абвінавачванне перафармуляванае на ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх). 20 траўня 2011 года асуджаны за падзеі Плошчы да 2 гадоў пазбаўлення волі ўмоўна.
З 2015 года – адзін з каардынатараў Правацэнтрысцкай кааліцыі, у якую, апроч Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, ўвайшлі Аб’яднаная Грамадзянская Партыя і Рух “За Свабоду”.
Жанаты. Жонка Настасся. У 2009 годзе нарадзілася дачка Ева.
Паводле аўтабіяграфіі