Віншуем з днём народзінаў Мікалая Баўсюка!
Віншуем з днём народзінаў Мікалая Баўсюка. Жадаем Божых дабраславенняў яму і яго сям’і, плёну ў дзейнасці, веры, мужнасці і моцнага здароўя.
Мікалай Іосіфавіч Баўсюк – стваральнік і шматгадовы кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі БХД.
Мікалай Баўсюк нарадзіўся 5 сакавіка 1950 года ў вёсцы Капцёўка Гарадзенскага раёна. Скончыў Гарадзенскі сельскагаспадарчы інстытут, па спецыяльнасці – аграном.
1967-1972 – вучоба ў Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. 1972-1993 – праца ў калгасе “Праўда” Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласці, затым у калгасе “Капцёўскі” Гарадзенскага раёна аграномам-агароднінаводам, аграномам-насенневодам, загадчыкам вытворчага участка, аграномам і загадчыкам цяпліцы на заводзе такарных патронаў (Гародня).
1993-1995 – сакратар-памочнік народнага дэпутата Рэспублікі Беларусь Міколы Маркевіча. З 1989 па 2002 гады – сябра Партыі Беларускага Народнага Фронту, на працягу 9 гадоў узначальваў Гарадзенскую абласную арганізацію БНФ. Быў арганізатарам абласной арганізацыі БНФ “Адраджэнне”. На яго ініцыятыву былі створаны арганізацыі БНФ ва ўсіх раёнах Гарадзенскай вобласці.
У 1999 г., калі Вярхоўны Савет быў распушчаны, частка апазіцыі аб’явіла выбары прэзідэнта РБ. У выбарах удзельнічалі многія партыі і грамадскія арганізацыі Беларусі, у тым ліку ў Гарадзенскай вобласці. Мікола Баўсюк был абраны старшынём Абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта РБ. Пад яго кіраўніцтвам былі створаныя ўсе раённыя камісіі па выбарах прэзідэнта РБ. У той самы час Мікола дапамагаў Юрыю Захаранку ў стварэнні Беларускага Згуртавання Афіцэраў.
Падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2001 годзе Мікола Баўсюк у камандзе адзінага кандыдата ад апазіцыі Уладзімера Ганчарыка быў адказным за друкаваную агітацыю кандыдата па Гарадзенскай вобласці.
У 2004-2008 Мікалай Баўсюк жыў у Швецыі, сачыў за сітуацыяй у Беларусі. У 2008-м вярнуўся і далучыўся да БХД, бо быў добра знаёмы з Паўлам Севярынцам і яму, як веруючаму чалавеку, імпанавалі мэты і каштоўнасці гэтай партыі.
З канца 2008 года – заснавальнік Гарадзенскай абласной арганізацыі БХД і сябра Нацыянальнай Рады БХД. На працягу 2008-2010 года суполкі БХД былі створаныя ў большасці раёнаў вобласці. У 2011-2016 гадах – арганізатар кампаніяў БХД па Гарадзенскай вобласці і Гародні, каардынатар ініцыятывы “Народны кантроль” па Гарадзеншчыне, адзін з распрацоўшчыкаў раздзелу Праграмы БХД у галіне сельскай гаспадаркі.
Жанаты, мае дваіх дзяцей і чатырох унукаў.
Паводле аўтабіяграфіі