Створаная Рада дэмакратычных арганізацый і неабыякавых грамадзян Віцебшчыны
Прадстаўнікі пяці партыяў і арганізацый Віцебшчыны, а таксама двое неабыякавых грамадзянаў увайшлі ў новаствораную Раду дэмакратычных арганізацый і неабыякавых грамадзян.
«Прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый Віцебшчыны аб’ядноўваюць свае намаганні дзеля каардынацыі дзеянняў па пераадоленню сістэмнага крызісу, які развіваецца на Беларусі апошнія гады праз сумесныя дзеянні актывістаў арганізацый, неабыякавых грамадзян», — сказана ў заяве аб стварэнні Рады.
Дакумент падпісалі каардынатар Руху «За Свабоду» у Віцебскай вобласці Леанід Гаравы, каардынатар аргкамітэту БХД па Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў, старшыня аргкаму па стварэнню прафсаюзу прадпрымальнікаў Ірына Яскевіч, прадстаўнік партыі «Справядлівы свет» Вадзім Кузьмін, неабыякавыя грамадзяне Леанід Аляхновіч і Мікола Качурэц.
Па словах аўтараў заявы, «падставай для стварэння каардынацыйнай Рады стаў рост пратэстных настрояў у грамадстве ў сувязі з неканстытуцыйным Дэкрэтам № 3, несправядлівымі дзеяннямі па змяненню пенсійнай сістэмы, аддаленасцю ад народа ўлады праз адсутнасць у краіне свабодных, тайных і адкрытых выбараў і рэальнага мясцовага самакіравання, росту беспрацоўя і падзення жыццёвага ўзроўню».
«Паглыбленне крызісу ў эканоміцы, уладных структураў, якія не абіраліся на дэмакратычных выбарах, ставіць пад пагрозу суверэнітэт і незалежнасць Беларусі», — упэўненыя сябры Рады.
Каардынацыйная Рада падзяліла абурэнне жыхароў рэгіёну, якія 26 лютага выказалі пратэст «супраць антынароднай палітыкі шматтысячным маршам у цэнтры Віцебску, а таксама ўхваліла мірныя пратэсты ў іншых гарадах Беларусі» і прапанавала ўладам распачаць агульнанацыянальны дыялог.
Першая акцыя, адказнасць за якую возьме Рада, будзе «Марш недармаедаў». Акцыя пройдзе ў Віцебску 15 сакавіка, распавёў сайту Pyx.by Леанід Гаравы. «Мы пройдзем ад плошчы Перамогі да аблвыканкама, дзе перададзім заяву памочніку Лукашэнкі пра адмену Дэкрэта № 3», — адзначыў Гаравы.
Па ягоных словах, каардынатарам гэтай акцыі будзе Яскевіч.
Акрамя таго, прадстаўнікі Рады заклікалі годна адзначыць Дзень незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 Сакавіка пад лозунгамі «За суверэнную і незалежную Беларусь!», «За адмену Дэкрэта № 3», «За спыненне зменаў пенсійнай сістэмы да паляпшэння эканамічнага становішча», «Уся ўлада народу на свабодных, тайных і адкрытых выбарах». Кардынатар акцыі — Смолікаў.
Каардынацыйная Рада прапанавала неабыякавым грамадзянам Віцебшчыны ствараць Камітэты ўзаемадапамогі «дзеля узаемападтрымкі ва ўмовах сістэмнага крызісу, выпрацоўкі прапаноў для рашэння існуючых праблемаў і каардынацыі дзейнасці дзеля лепшай Віцебшчыны, лепшай Беларусі, годнага жыцця кожнага чалавека».
«Стварэнне рады — гэта крок да кансалідацыі сілаў і грамадзянаў, якія выступаюць, каб у краіне быў выпрацаваны новы курс» — адзначыў каардынатар Руху «За Свабоду» ў Віцебскай вобласці.
Па ягоных словах, Камітэты ўзаемадамогі будуць стварацца ў тым ліку і для дапамогі тым людзям, у якіх улады праз дзеянне Дэкрэта № 3 захочуць апісаць маёмасць.
Аўтар: Вольга Быкоўская, Pyx.by