Віталя Рымашэўскага і Анатоля Лябедзьку выпусцілі з РАУС Бярозы пасля сканчэння маршу ў Берасці

05 сакавіка 2017 14:18  |  Галоўныя навіны

Віталя Рымашэўскага і Анатоля Лябедзьку выпусцілі з РАУС Бярозы пасля сканчэння маршу ў Берасці

Сустаршыню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага і старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку выпусцілі з РАУС Бярозы пасля сканчэння маршу ў Берасці.

“Нас пратрымалі роўна тры гадзіны. Відавочна, што затрыманне было фармальным. Следчы з хуткасцю адна літара ў хвіліну набіраў пратакол апытання. Нас апыталі наконт абставінаў затрымання, наконт таго, як мы выязджалі з Менску і як нас затрымалі. Пасля гэтага нас адпусцілі”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі па выхадзе з РАУС.

“Цэлы ўзвод супрацоўнікаў міліцыі, ДПС праядалі сёння нашы з вамі бюджэтныя грошы дарэмна замест таго, каб займацца сваімі непасрэднымі справамі. Відавочна, што ім самім было прыкра гэтым займацца, але, тым не менш, яны гэта рабілі. Яны добра ведалі, што парушаюць закон і што ніякіх законных падставаў нас затрымліваць не было”, – дадаў ён, падкрэсліўшы, што нават пры адсутнасці лідараў апазіцыі людзі паказалі, што гатовыя змагацца за свае правы.

Сустаршыня БХД таксама заклікаў не паддавацца на правакацыі і яднацца ўсім дэмакратычным сілам, каб разам дамагчыся і адмены дэкрэту № 3, і пабудовы незалежнай і дэмакратычнай Беларусі. “Будзьма разам!” – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін