БХД патрабуе спыніць ціск на сям’ю Віталя Рымашэўскага
7 сакавіка ў Заслаўі на агароджаны ўчастак двухкватэрнага жылога дома, дзе ў адной з кватэр пасля смерці бацькі пражывае сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі разам са сваёй сям’ёй і маці, уламіліся двое супрацоўнікаў у цывільным, якія незаконна праніклі на прыватную тэрыторыю, дзе гуляла сямігадовая дачка Віталя Рымашэўскага.
Са словаў суседзяў, судовыя выканаўцы хадзілі, фатаграфавалі і апытвалі суседзяў (пры тым нават не пазванілі ў званок на ўваходзе ў кватэру). Пасля таго, як жонка Віталя Рымашэўскага ўбачыла іх з акна, яны збеглі да таго, як жонка паспела выйсці на вуліцу.
Віталь Рымашэўскі не мае нясплочаных штрафаў. Да гэтага інцыдэнту ніякіх позваў з суду альбо тэлефанаванняў на мабільны тэлефон не атрымліваў.
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя расцэньвае гэты інцыдэнт як спробу аказання ціску на сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага з прычыны яго актыўнага ўдзелу ў акцыях пратэсту і з мэтай яго запалохвання. БХД звяртае ўвагу на той факт, што ў 2010 годзе пры знаходжанні Віталя Рымашэўскага ў СІЗА КДБ, супрацоўнікі КДБ непасрэдна пагражалі яго сям’і, у тым ліку малой дачцэ. БХД патрабуе неадкладна спыніць ціск і рэпрэсіі ў дачыненні да сустаршыні БХД Віталя Рымашэўскага, а таксама рэгіянальных актывістаў БХД і дэмакратычнага руху.