У Генпракуратуру перададзена скарга на затрыманне Кавальковай, Казлова, Лябедзькі і Рымашэўскага па дарозе з Мінска ў Брэст
У Генпракуратуру 7 сакавіка перададзеная скарга на незаконнае затрыманне апазіцыйных палітыкаў Вольгі Кавальковай, Мікалая Казлова, Анатоля Лябедзькі і Віталя Рымашэўскага 5 сакавіка па дарозе ў Брэст на акцыю супраць дэкрэта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, перадае БелаПАН.
Як паведамлялася раней, у мінулую суботу каля 10.20 на трасе Мінск-Брэст аўтамабіль, у якім ехалі палітыкі, быў спынены супрацоўнікамі міліцыі ў раёне Івацэвічаў на падставе таго, што ён нібыта знаходзіцца ва ўгоне. У РУУС Івацэвічаў у затрыманых праверылі пасведчанні асобы, узялі пісьмовыя тлумачэнні.
Прыкладна праз гадзіну Лябедзька і Рымашэўскаму здолелі з’ехаць на спадарожках. Аднак у раёне Бярозы аўтамабіль зноў быў блакаваны дзвюма міліцэйскімі машынамі на падставе таго, што грамадзяне, якія знаходзяцца ў аўто, нібыта падазраюцца ў здзяйсненні злачынства. Палітыкаў пратрымалі ў мясцовай міліцыі паўтары гадзіны для высвятлення іх асобы і праверкі па базе дадзеных і адпусцілі без усялякіх тлумачэнняў.
“Апісаныя факты лічым пераследам палітычных апанентаў, парушэннем нашых правоў на свабоду перамяшчэння і палітычную грамадскую дзейнасць”, – гаворыцца ў скарзе палітыкаў.
Яны таксама адзначаюць, што “ў выніку неабгрунтаванага і надуманага перашкоджання з боку супрацоўнікаў міліцыі, а таксама іх крымінальна каральных дзеянняў” не змаглі прыняць удзел у маршы пратэсту супраць дэкрэта № 3, які праходзіў у Брэсце.
«Угледжваючы ў дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі склад крымінальнага злачынства, прадугледжанага артыкулам 194 КК Рэспублікі Беларусь, а менавіта перашкода законнай дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў ці ўмяшанне ў іх законную дзейнасць, якія нанеслі істотнае парушэнне іх правоў і законных інтарэсаў, па выкладзеных фактах просім правесці пракурорскую праверку, па выніках якой распачаць у дачыненні да вінаватых супрацоўнікаў міліцыі крымінальную справу па прыкметах крымінальнага злачынства, прадугледжанага артыкулам 194 КК Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў скарзе.