Гарадзенскія дэмакраты сустрэнуцца са старшынём гарвыканкама
Гарадзенскія дэмакраты заўтра сустракаюцца з кіраўніком горада Мечыславам Гоем. Падчас запланаванага на раніцу круглага стала плануецца абмеркаваць акцыю супраць дэкрэта “аб дармаедстве”, якую ў Гародні хочуць правесці ў Дзень Канстытуцыі – 15 сакавіка. Акцыю ўлады не дазволілі.
Перад сустрэчай са старшынём гарвыканкаму, прадстаўкі дэмакратычных партый і рухаў абмеркавалі стратэгію дзеянняў – паведамляе карэспандэнт Якуб Сушчынскі:
– Чатыры асноўныя пункты, якія яны будуць вымагаць ад гарадзенскіх уладаў:
– адмена дэкрэту №3;
– канец рэпрэсій актывістаў па палітычных матывах. На Гарадзеншчыне больш за 10 чалавек атрымалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні за ўдзел у акцыі супраць Дэкрэту №3;
– свабода сходаў, у праватнасці, дазвол мітынгу 15 сакавіка;
– вызваліць гарадзенцаў ад выплаты падатку „на дармаедства” сіламі Гарадзенскага гарвыканкама. Бо Дэкрэт №3 дазваляе гарвыканкамам самастойна вызваляць ад выплат людзей, якія апынуліся ў цяжкім становішчы.
Прадстаўнікі партый і рухаў лічаць, што ўсе гарадзенцы знаходзяцца ў такім цяжкім становішчы, таму варта адмяніць гэты дэкрэт для ўсіх грамадзянаў.