Каардынатара БХД не пусцілі на сустрэчу з гарадзенскімі ўладамі
Асноўная тэма размовы – скасаванне дэкрэту “аб дармаедах”. Яшчэ перад сустрэчай сябры дэмакратычных арганізацый зацвердзілі свае патрабаванні да ўладаў. Сённяшняя сустрэча доўжылася 2,5 гадзіны. Кажа прадстаўнік партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:
– Першапачаткова было заяўлена, што асноўным матывам размовы будзе абмеркаванне сітуацыі, якая склалася вакол дэкрэта №3, яго выканання і мараторыя. На самой справе досыць вялікую частку размовы заняла лекцыя пра тое, як развіваецца горад, як шмат усяго робіцца, якія планы ўвогуле ў гарадскога кіраўніцтва. Дэмакратычныя сілы выказалі сваю пазіцыю, яна была ўзгоднена ўчора. Мы маем чатыры асноўныя патрабаванні для аднаўлення грамадзянскага дыялогу. На самой справе ніякага адказу не было.
У той жа час актывіста “Маршу недармаедаў”, які прайшоў у горадзе 19-га лютага, каардынатара БХД Сяргея Верамеенку гарадзенскія ўлады не запрасілі на круглы стол, таксама, як і журналістаў. Актывіст чакаў вынікаў круглага стала на ганку выканкама:
– Яны сказалі, што прыйдуць да нас самі, калі мы іх запросім. Мы іх запрасілі, дарэчы. Частка людзей, якія пайшлі, ужо атрымалі пратаколы за ўдзел у масавых акцыях у Гародні. Некаторых, напрыклад, мяне і Анатоля Мышкевіча, на сустрэчу не пусцілі. Мы таксама атрымалі пратаколы. Таму ў дачыненні да нас будуць больш жорсткія меры.
Чарговы мітынг незадаволеных дэкрэтам №3 грамадзян плануецца ў Гародні 15 сакавіка а 18-ай гадзіне ў Парку Жылібера. Мітынг не мае афіцыйнага дазволу. Раней актывісты падавалі заяўку на правядзенне акцыі ў Каложскім парку, але чыноўніца Зоя Кулеша падпісала адмоўны адказ.