Сумесная заява правацэнтрысцкай кааліцыі
10 сакавіка ў 19.40 у Маладзечне пасля “Маршу недармаедаў” невядомымі асобамі ў цывільным было ўчынена затрыманне лідараў і актывістаў правацэнтрысцкай кааліцыі Анатоля Лябедзькі, Юрася Губарэвіча, Віталя Рымашэўскага, Вольгі Кавалькова і Дзяніса Красочкі. Усё было зроблена ў традыцыях лукашэнкаўскай ахранкі – без прад’яўлення дакументаў, груба, з збіццём і пакоры чалавечай годнасці.
Усім сёння зразумела, што цяперашняе кіраўніцтва Беларусі няздольнае вырашыць эканамічныя праблемы. Але, замест таго, каб сысці, гэтыя людзі чапляюцца за свае крэслы і дэманструюць адкрытую непавагу да грамадзян, якім павінны служыць. Яны не толькі залезлі ў кішэню кожнай сям’і, але яшчэ і спрабуюць пагражаць тым, хто з гэтым не згодны.
Ужываючы рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірнага пратэсту, улада паказала свой сапраўдны твар тым сілам унутры краіны і за яе межамі, якія разлічвалі, што Лукашэнка і яго падручных можна перавыхаваць.
Спробы запалохаць народ бесперспектыўныя. Падзеі, якія развярнуліся ў апошні час вакол дэкрэта №3, паказалі, што ва ўсяго на свеце ёсць мяжа, у тым ліку і доўгацярпенню беларускага народу.
Правацэнтрысцкая кааліцыя
– Заяўляе рашучы пратэст супраць бандыцкіх дзеянняў невядомых малойчыкаў ў чорным пад заступніцтвам міліцыі;
– Патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых удзельнікаў мірнага пратэсту супраць беззаконня;
– Заяўляе, што вінаватым у супрацьпраўных дзеяннях не атрымаецца сысці ад пакарання – яны непазбежна панясуць адказнасць па Законе;
– Заклікае беларускі народ і сусветную грамадскасць устаць на абарону годнасці людзей, дэмакратычных нормаў і свабодаў у нашай краіне.
Кіраўніцтва краіны дэманструе поўнае грэбаванне інтарэсамі грамадзян і няздольнасць кіраваць нармальнымі метадамі. Прагнілую ўладу не выратуюць тыя гадасці, якія цішком ужываюць збанкрутавалыя чыноўнікі. Дні гэтай улады палічаныя. Беларускі народ варты лепшага і даможацца гэтага, пераадолеўшы любыя перашкоды.