Яўген Васьковіч затрыманы, забралі ў ізалятар
Васьковіча затрымалі да наступнага дня, адабралі тэлефон. Цяпер яго вязуць у ізалятар. Пра гэта ён пасьпеў распавесьці жонцы.
Дадому да былога палітвязьня, актывіста Яўгена Васьковіча міліцыя прыходзіла двойчы, і двойчы сыходзіла безь яго: першы раз бяз позвы, другі раз зь няправільнай. Забралі толькі з трэцяга разу.
Першы раз да Васьковічаў пагрукалі ў дзьверы два міліцыянты і запрасілі Яўгена «праехаць зь імі», з усьмешкай дадаўшы: «Нам надакучыла вас чакаць». Яўген адмовіўся, бо няма ніякай афіцыйнай позвы.
«Я іх папярэдзіў адразу, каб ня думалі выбіваць дзьверы ці нешта такое, — распавёў Свабодзе Васьковіч. — Калі ўсё зробяць акуратна, законна, я і сам пайду, я ж не адмаўляюся, што ўдзельнічаў у мітынгу».
Потым прыйшоў міліцыянт, афіцыйна прадставіўся, прынёс позву. Але Яўген угледзеў, што яна складзеная няправільна: напрыклад, не напісаная прычына, зь якой запрашаюць, і зноў адмовіўся ісьці.
У трэці раз са слушна складзенай позвай прыйшоў падпалкоўнік Сяргей Рудзько. Васьковіч прыняў позву і пагадзіўся праехаць зь міліцыянтамі.