Павел Севярынец: працавіты беларускі народ абразілі (відэа)

14 сакавіка 2017 21:28  |  Галоўныя навіны

Павел Севярынец: працавіты беларускі народ абразілі (відэа)

Беларускі народ ужо стаміўся цярпець здзек больш за 20 гадоў. Пра гэта, гаворачы пра Маршы недармаедаў у гарадах Беларусі, заявіў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. Відэа было знятае незадоўга да яго затрымання і арышту пасля Маршу ў Воршы.

“Працавіты беларускі народ абразілі”, – падкрэсліў сустаршыня БХД, адзначыўшы, што называнне людзей дармаедамі – гэта менавіта абраза.

“І таму пратэсты, якія мы назіраем па ўсёй краіне, самыя масавыя за апошнія гады, – гэта нават не столькі сацыяльны пратэст, колькі пратэст годнасці”, – дадаў ён.

Паводле яго, хрысціяне не толькі могуць, але і павінныя ўдзельнічаць у гэтых акцыях пратэсту і патрабаваць адстаўкі ўладаў. “Сённяшні наш рэжым – незаконны, нелегітымны. Выбары фальсіфікуюцца. І адсюль патрабаванне да хрысціянаў казаць праўду і быць са сваім народам. Патрабаваць свабодных і справядлівых выбараў, патрабаваць свабоду і справядлівасці для ўсёй краіны”, – адзначыў Павел Севярынец.

Звярнуўшыся да хрысціянскіх Цэркваў з просьбай выказацца ў падтрымку правоў простых беларусаў, Павел Севярынец заклікаў грамадзян менавіта да мірнага пратэсту, а вернікаў – таксама да малітвы за мірнае вырашэнне крызісу. На яго думку, трэба браць удзел у акцыях і 15, і 25 сакавіка, а асабліва 25 сакавіка – у Дзень Волі. Сустаршыня БХД заклікаў пратэстуючых не паддавацца на правакацыі – “нічога не падпальваць, не граміць, не біць ніякага шкла”.

“Нам патрэбны прыстойны, але адначасова магутны адказ на тое фараонаўскае глумленне, якое мы бачым з боку рэжыму ў апошнія гады. Нам вельмі патрэбна адзінства”, – сказаў Павел Севярынец, заявіўшы, што “калі на вуліцы беларускіх гарадоў выйдуць дзясяткі, сотні тысяч людзей гэты незаконны рэжым рассыплецца сам”.

Цалкам зварот сустаршыні БХД глядзіце на відэа:

Болей навін