Дзяніс Садоўскі: улады не гатовыя слухаць людзей (відэа)
«Мы – не дарамаеды», – кажуць беларусы і выходзяць на вуліцы. Было некалькі тысячаў асобаў у Менску. Адзін з арганізатараў акцыі, Дзяніс Садоўскі (БХД) распавядае падрабязнасці ў праграме «Гарачы каментар».
Паводле ацэнкі Садоўскага, у Менску на вуліцы вышлі каля трох тысячаў асобаў. «Пакуль што пра вынікі казаць, рана, бо вынікам мае быць скасаванне Дэкрэту №3 і адстаўка ўраду. Пакуль што гэта крок, наступны крок – будзе 25 сакавіка», – заявіў Садоўскі.
На ягоную думку, улады пакуль не гатовыя слухаць людзей і таму «дзеяць па звыкламу сцэнару» – затрыманняў і запалохвання палітычна актыўных беларусаў. «Пакуль мы бачым, што людзі выходзяць і іх колькасць толькі павялічваецца. Я спадзяюся, што сярод апазіцыйных арганізацыяў дастаткова актывістаў, якія змогуць узяць сцяг і павесці людзей. Я спадзяюся, што народ прачнуўся. Тады ні хібы апазіцыі, не застрашванне не перашкодзіць народу выйсці і сказаць: «Хопіць!»
Глядзіце больш у праграме «Гарачы каментар».