Яўген Васьковіч аб’явіў галадоўку ў ізалятары
Асуджаны на 15 сутак арышту ўдзельнік мітынгу пратэсту недармаедаў у Бабруйску, сябра БХД Яўген Глагольеў-Васьковіч ад 16 сакавіка пачаў за кратамі галадоўку пратэсту.
Пра гэта Свабодзе паведаміла жонка асуджанага Александрына Глагольева-Васьковіч.
Александрына спадзяецца, што Яўген адмаўляецца толькі ад казённага харчаваньня, «бо есьці і нават глядзець на гэта немагчыма. Хаця начальнік казаў, што ежу ім прывозяць ажно з кавярні. Хатнюю ежу я здала пад вопіс, і Яўген расьпісаўся ў атрыманьні — спадзяюся, паесьць».
14 сакавіка суд у Бабруйску пакараў арыштам на 15 сутак былога палітвязьня Яўгена Васьковіча за ўдзел у акцыі пратэсту ў гэтым горадзе 12 сакавіка.
13 сакавіка міліцыя двойчы прыходзіла дадому да Васьковіча і двойчы сыходзіла безь яго. Першы раз міліцыянты прыйшлі бяз позвы, другі раз зь няправільнай. Забралі толькі з трэцяга разу.