Зварот грамадзянскай супольнасці Беларусі да еўрапейскіх інстытуцый

17 сакавіка 2017 18:46  |  Галоўныя навіны

Зварот грамадзянскай супольнасці Беларусі да еўрапейскіх інстытуцый

Прадстаўляем вашай увазе зварот кіраўнікоў і прадстаўнікоў дэмакратычных палітычных партыяў і арганізацый Беларусі да еўрапейскіх інстытуцый у сувязі з сітуацыяй у Беларусі. На дадзены момант зварот падпісалі адказны сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі, намесніца старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Антаніна Кавалёва, першая намесніца старшыні Руху “За свабоду” Галіна Скараход і старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард.

Зварот адкрыты да падпісання і колькасць яго падпісантаў будзе павялічвацца.

Еўрапейскі савет
Еўрапарламент
Еўрапейская камісія
ПА АБСЭ
Урады дзяржаў-членаў Еўрапейскага Саюза
Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі
Усе зацікаўленыя асобы

Мы, кіраўнікі і прадстаўнікі дэмакратычных палітычных партыяў і арганізацый Беларусі,

*вітаючы намаганні, што прымаюцца еўрапейскімі палітыкамі ў мэтах садзейнічання дыялогу і каштоўнасна-арыентаванага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам, а таксама дзяржавамі – членамі ЕС на фоне новых пагрозаў з боку Расійскай Федэрацыі ў дачыненні да суверэнітэту дзяржаў Усходняй Еўропы;

*выказваючы Вам паддзяку за падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і салідарнасці з тымі, хто падвяргаецца палітычным пераследам у Беларусі за свае дэмакратычныя перакананьні;

звяртаемся да кіраўніцтва Еўрапейскага Саюзу, Еўрапейскага Парламенту, Еўрапейскай камісіі, АБСЕ, урадаў дзяржаў-членаў ЕС, міжнародных праваабарончых арганізацый і ўсіх зацікаўленых асоб з наступным зваротам.

Улічваючы рэзкае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, маштабныя арышты кіраўнікоў апазіцыйных палітычных сілаў (БХД, АГП, “Рух за Свабоду”), удзельнікаў мірных акцый пратэсту ў гарадах Беларусі супраць сацыяльна-эканамічнай палітыкі ўладаў і дэкрэта № 3, які, мы лічым, парушае дзейную Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, а таксама дзеянняў з боку беларускіх уладаў па дыскрэдытацыі сваіх апанентаў і запалохванню беларускага грамадства,

заклікаем Вас не заключаць пагадненняў з рэжымам Лукашэнкі пра правядзенне міжпарламенцкіх ды іншых мерапрыемстваў, любых магчымых пагадненняў да нармалізацыі сітуацыі, вызвалення палітчыных вязняў, прызначэння пакарання віноўнікам захопу і збіцця ўдзельнікаў мірных дэманстрацый.

Мы выказваем здзіўленне адсутнасцю належнай рэакцыі міжнароднай супольнасці на гвалтоўныя дзеянні беларускіх сілавікоў і падпісаннем паміж кіраўніцтвам ПАСЕ і Рэспублікай Беларусь пагадення аб правядзенні сесіі ПА АБСЕ у Менску, новых дамоў з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, выдзяленнем 2, 2 мільёнаў еўра Еўракапейскім Саюзам на праекты па развіцці рэгіёнаў выключна мясцовай вертыкалі з ігнараваннем удзелу ў іх грамадзянскай супольнасці Беларусі. Гэта адбываецца ў час, калі беларускія ўлады распачалі шырокамаштабныя рэпрэсіі ў адносінах да беларускай апазіцыі і ўдзельнікаў мірных пратэстаў супраць сацыяльна-эканамічнай палітыкі ўладаў. За апошнія тыдні каля 200 чалавек па ўсёй Беларусі адбываюць адміністратыўныя тэрміны, або пакараны штрафамі за выкарыстанне права на свабоднае выказванне свайго меркавання і мірныя сходы. У дадатак улады распачалі пераслед прадстаўнікоў незалежных сродкаў масавай інфармацыі, каб схаваць злачынныя дзеянні беларускіх сілавікоў ад беларускага грамадства і міжнароднай супольнасці. Адначасова беларускае кіраўніцтва выкарыстоўвае дзяржаўныя медыі для дыскрэдытацыі мірных акцый пратэсту, запалохвання і дэзінфармацыі насельніцтва, што толькі паглыбляе напружаннасць і раскол у беларускім грамадстве.

Мы разглядаем крокі дэмакратычных краін Еўропы, ЗША і Канады па паглыбленню супрацоўніцтва з афіцыйным Мінскам як паспешлівыя і неабгрунтаваныя. Мы ведаем, што прадстаўнікі апазіцыйных палітычных сіл не былі запрошаны на сустрэчу з дэлегацыяй АБСЭ, якая толькі што наведала Мінск, што, на наша меркаванне, не адпавядае прынцыпам супрацоўніцтва, якія палягаюць на каштоўнаснай аснове.

Беларускія дэмакратычныя сілы працягваюць сваю супрацу і рыхтуюцца да правядзення шырокіх акцый пратэста супраць беззаконных дзеянняў улады і вяртання грамадзянам іх канстытуцыйных правоў 25 сакавіка 2017 года падчас святкавання 99-х угодкаў заснавання Беларускай Народнай Рэспублікі – дня Волі. Мы, як грамадзяне Беларусі, патрабуем ад беларускага кіраўніцтва прыняцця неадкладных мераў для паляпшэння сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне.

Мы шчыра спадзяемся, што Еўрапейская дэмакратычная супольнасць будзе выступаць на баку простых грамадзян Беларусі і надалей падтрымліваць барацьбу беларускай грамадзянскай супольнасці за свабоду і дэмакратыю ў нашай краіне, а пры далейшым пагаршэнні сітуацыі разгледзіць пытанне вяртання абмежаванняў па супрацоўніцтву з афіцыйным Менскам.

Менск, 17.03.2017

Болей навін