Дзяніс Садоўскі: для падтрымкі сем’яў трэба змяніць уладу
Беларуская хрысціянская дэмакратыя выступае за моцную сям’ю як падмурак моцнай і квітнеючай Беларусі. Але пры сённяшняй уладзе ў краіне гэта немагчыма, заявіў у эфіры Epramova адказны сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі.
Ён нагадаў, што за больш чым 20 гадоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі насельніцтва краіны зменшылася на 750 тыс. жыхароў. “Гэта сведчанне той палітыкі, якую праводзіць сённяшняя ўлада”, – падкрэсліў палітык, заявіўшы, што падтрымка сем’яў у краіне толькі намінальная.
Паводле яго, беларусам трэба вярнуць права на выбар, каб “сапраўды можна было змяняць уладу, якая не выконвае свае абавязкі”. “Потым, безумоўна, патрэбныя рэформы. Трэба даць магчымасць сем’ям будаваць сваё жытло, вылучаць участкі, каб сапраўды сем’і маглі будавацца, каб такім чынам падымаць будаўнічую сферу і тым самым падтрымліваць эканоміку Беларусі”, – мяркуе адказны сакратар БХД.
Таксама, у прыватнасці, на яго думку, трэба выправіць сітуацыю, калі маладыя маці не могуць знайсці сабе працу. “Але для гэтага трэба рабіць крок за крокам”, – дадаў Дзяніс Садоўскі.