Дзяніс Садоўскі: Яўдаха, Лазоўскі і Дундукоў не маюць дачыненьня да фантазіяў КДБ
Адзін з заяўнікаў шэсьця на Дзень Волі, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі заявіў Свабодзе, што затрыманыя 21 сакавіка Алесь Яўдаха, Міраслаў Лазоўскі і Андрэй Дундукоў ня ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы акцыі 25 сакавіка.
«Я толькі чуў, што была калісьці арганізацыя „Белы легіён“, асабіста нікога ня ведаю. З гэтымі людзьмі, якіх затрымалі 21 сакавіка, не знаёмы. Ніякім чынам мы не перасякаліся ні раней, ні для арганізацыі акцыі 25 сакавіка.
Я думаю, што іх арыштавалі для таго, каб упісаць гэтых асобаў у прыдуманы КДБ сцэнар пра лягеры пад Асіповічамі і Бабруйскам. І тая правакацыя, зробленая ў сацыяльных сетках, калі ўзламалі старонку былога кіраўніка „Белага легіёну“ Міраслава Лазоўскага і распаўсюдзілі ад ягонага імя правакацыйныя тэксты, таксама ёсьць складнікам аднаго сцэнару. Улады хочуць стварыць страшылку, каб запалохаць людзей перад акцыяй. Жахліва, што для стварэньня гэтай страшылкі ламаюцца лёсы людзей, іх гвалтоўна арыштоўваюць. Я перакананы, што ніякага дачыненьня да фантазіяў КДБ гэтыя людзі ня маюць».