Менгарвыканкам адмовіўся сустракацца з Рымашэўскім, Лябедзькам, Губарэвічам, Янукевічам і Таўстой наконт Дня Волі
Менгарвыканкам адмовіўся сустракацца з сустаршынямі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталём Рымашэўскім і Руху салідарнасці “Разам” Алена Таўстой, старшынямі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам, Руху за свабоду Юрасём Губарэвічам і Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам па пытанні правядзення 25 сакавіка акцыі да 99-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі.
Адпаведны адказ ад 16 сакавіка за подпісам кіраўніка справамі Менгарвыканкаму Ганны Мацельскай быў дасланы лідару АГП.
Афіцыйная прычына адмовы ў сустрэчы – прозвішчаў палітыкаў няма сярод заяўнікаў акцыі. Больш за тое, яны, нават лідары зарэгістраваных партый і арганізацый, не прадставілі чыноўнікам рашэнняў кіруючых органаў узначальваемых імі арганізацый і партый аб тым, што яны надзеленыя паўнамоцтвамі прадстаўляць іх інтарэсы па пытанні арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў.
Таксама чыноўніца адзначыла, што Менгарвыканкам ніколі не змяняў маршруты шэсця 25 сакавіка. Тое, што ўстанова забараняла адны маршруты і вымушала арганізатараў распрацоўваць іншыя, Ганна Мацельская такім не лічыць.
Нагадаем, што Віталь Рымашэўскі, Анатоль Лябедзька і Юрась Губарэвіч з 10 сакавіка знаходзяцца пад арыштам у Маладзечне. Акцыя ж у Менску пачнецца 25 сакавіка а 14:00 ад Акадэміі навук.