Хрысціяне Беларусі патрабуюць спыніць рэпрэсіі ў краіне

23 сакавіка 2017 18:54  |  Палітыка

Хрысціяне Беларусі патрабуюць спыніць рэпрэсіі ў краіне

Вернік мінскай поўнаевангельскай царквы “Новае Жыццё”, юрыст Сяргей Луканін ў сувязі з сітуацыяй з масавымі арыштамі склаў тэкст зварота ў вышэйшыя інстанцыі дзяржавы: Адміністрацыю Прэзідэнта Беларусі, Вярхоўны Суд, Камітэт Дзяржаўнай Бяспекі, Міністэрства Ўнутраных Спраў, Міністэрства інфармацыі.

У звароце гаворыцца:

Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, хрысціяне розных канфесій, звяртаемся да уладу маючых ў сувязі з тым, што адбываецца ў нашай краіне.

Мы законапаслухмяныя людзі, у сваім жыцці імкнемся не парушаць закон, але для нас першасны закон Божы. Мы молімся за ўлады, за тое, каб Гасподзь дараваў мудрасць і любоў да свайго народу кожнаму чыноўніку, які знаходзіцца на адказным месцы, так як хочам мець жыццё ціхае і мірнае, але гэта не абмяжоўвае нас у праве выкрываць грэшніка ў парушэнні закона Божага.

Мы бярэм прыклад з Ісуса Хрыста, які не праходзіў міма несправядлівасці. Нягледзячы на забароны ўладаў, Ісус казаў праўду на плошчах, і калі Яго злавілі і ўдарылі, Ён спытаў у таго, хто біў: «Што ты б’еш Мяне?” (Ян 18:23).

На жаль, зараз многія з тых нашых грамадзянаў, якія скарысталіся канстытуцыйным правам выказваць сваё меркаванне на плошчы, пераследваюцца і збіваюцца прадстаўнікамі ўлады, і мы жадаем запытацца: “За што вы іх б’яце?»

За што вы б’яце людзей, якія апынуліся без працы не па сваёй віне? За што вы б’яце студэнтаў, якія не жадаюць жыць у страху? За што вы б’яце пенсіянераў, якія кормяць сваіх беспрацоўных дзяцей са сваіх пенсій?

Слова Божае кажа, што д’ябал ёсць бацька хлусні. Навошта вы служыце д’яблу, калі кажаце хлусню з экранаў тэлевізараў? Навошта настройваеце беларусаў адзін супраць аднаго? Навошта прыдумваеце ворагаў там, дзе іх ніколі не было?

Дзявятая запаведзь абвяшчае: «Не кажы ілжывага сведчання на блізкага твайго». Навошта вы прымушаеце міліцыянтаў ілжэсведчыць у судах супраць сваіх суайчыннікаў?

Суддзі, на вас вялікая адказнасць, бо па вашых рашэннях ламаюцца лёсы людзей, маючых стаць перад вамі па ілжывых даносах. Няўжо ніхто з вас не ведае, што над усім ёсць Судздзя справядлівы – Гасподзь Бог?

Ведаючы напэўна, што грэх цягне за сабой вечныя наступствы для несмяротнай душы чалавека, заклікаем кожнага служыцеля закона, далучанага да разгорнутага супрацьстаяння, адумацца, пакаяцца і больш ніколі не грашыць. Наперадзе 25 сакавіка, калі многія грамадзяне нашай краіны выйдуць святкаваць Дзень Волі. У выпадку, калі вы стаіце перад выбарам – выканаць незаконны загад на выкарыстанне гвалту супраць мірных дэманстрантаў, або страціць працу – памятайце, нам на гэтай зямлі адведзенае кароткае імгненне ў параўнанні з вечнасцю, і ад нашага выбару залежыць, дзе мы будзем гэтую вечнасць праводзіць.

Зрабіце выбар на карысць Бога і Яго запаведзяў, і Ён не пакіне вас і вашыя сем’і, паклапоціцца аб вашым дабрабыце, а галоўнае – ваша сумленне будзе чыстае, і вы атрымаеце надзею на вечнае жыццё з Богам.

Падумайце таксама пра сваіх дзяцей – ад нас з вамі залежыць, у якой краіне яны будуць жыць – у краіне, напоўненай страхам ці любоўю.

Бог хай дабраславіць вас!

З малітвай.

Падпісаць зварот можна тут.

Krynica.info

Болей навін