Дзяніс Садоўскі: мы чатыры гадзіны стаялі пад снегам і дажджом на «расцяжцы», з закручанымі рукамі (відэа)
27 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска праходзяць працэсы над затрыманымі ўдзельнікамі акцый 25 і 26 сакавіка. Разгляд адміністрацыйных спраў ідзе і ў іншых раённых судах сталіцы, перадае БелаПАН.
«Мы на «расцяжцы» стаялі больш за шэсць гадзін у Цэнтральным РУУС. З іх чатыры гадзіны мы стаялі пад снегам і дажджом на «расцяжцы», з закручанымі рукамі. Такога стаўлення да затрыманых я яшчэ не бачыў. У Цэнтральным РУУС было чалавек 30-40 затрыманых. Большасць адпусцілі. У ІЧУ завезлі 11 чалавек. Ім усім аднолькава напісалі па двух артыкулах: лаяўся матам і аказваў супраціў супрацоўнікам міліцыі», – распавёў агенцтву адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі.
«Сюды, у суд Цэнтральнага раёна, прывезлі каля 20 чалавек. Я толькі што прысутнічала на судзе над Кліменка Алексам. Суд прайшоў вельмі хутка, таму што Алекс адмовіўся ад усялякіх паказанняў. У залу пасяджэнняў мяне не пускалі. Мы запатрабавалі, каб пусцілі, суддзя дазволіў», – сказала незалежны назіральнік Святлана Каваленка.