Віталь Рымашэўскі: Улады самі хацелі дэстабілізацыі сітуацыі
2 красавіка ў Магілёве адбылася сустрэча сябраў і прыхільнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі . Сярод іншых у сустрэчы ўзялі ўдзел сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі і адказны сакратар Дзяніс Садоўскі.
Распавёў пра сустрэчу каардынатар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Магілёве Алег Аксёнаў:
“У планах сённяшняй імпрэзы – сустрэча з новымі сябрамі, якія далучыліся да нас цягам мінулага году, пройдзе так сама абласная Рада-справаздача за мінулы тэрмін нашай дзейнасці, запланавана і прэзентацыя двух кніжак Паўла Севярынца. На жаль Павел у чарговы раз затрыманы, таму прэзентуе кнігі яго жонка Вольга Севярынец”.
Хрысціянскія дэмакраты абмеркавалі кампанію “Мы недармаеды”, а таксама шэраг іншых кампаніяў БХД, у тым ліку “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю” і “Асамблея народных прадстаўнікоў”. Было запланавана правядзенне шэрагу лакальных кампаніяў у гарадах, прынятае рашэнне пра падачу заявак на правядзенне пікетаў і мітынгаў супраць дэкрэту №3.
Удзельнікі абмеркавалі і стратэгію дзейнасці апазіцыі. Магілёўская арганізацыя БХД пацвердзіла стратэгію на яднанне дэмакратычных сілаў у рэгіёне. Таксама запланаваная дзейнасць па падрыхтоўцы нацыянальнага мірнага страйку, які мусіць прымусіць улады да свабодных і справядлівых выбараў і эканамічных рэформаў.
Каментар для 6tv.by пра апошнія падзеі ў краіне і планы БХД даў Віталь Рымашэўскі:
“Беларускія хрысціянскія дэмакраты заўсёды выступалі за мірныя і выключна не гвалтоўныя метады змагання, і нездарма так шмат нашых актывістаў і лідараў рэжым кінуў у вязніцы, бо ўлады самі хацелі дэстабілізацыі сітуацыі і ведалі, што хрысціянскія дэмакраты будуць супраць гэтага, будуць выступаць за спыненне любых правакацыяў, сілавых дзеянняў. Але мы будзем працягваць узмацняць нашыя шэрагі, рабіць тое, чым і займаліся – гэта і нацыянальныя кампаніі, напрыклад супраць дэкрэту аб дармаедах, гэта і рэгіянальныя кампаніі, накіраваныя на аб’яднанне ўсяго грамадства. Зараз мы заклікаем людзей не выходзіць на несанкцыянаваныя акцыі, бо гэта толькі будзе повадам для новых рэпрэсій, але мы выстаўляем умовы дзеючай уладзе – свабодныя выбары, эканамічныя рэформы, і ў выпадку, калі яна не ідзе на рэформы, мы будзем ствараць забастовачны камітэт, і ўжо сёння ў рэгіёнах будзем заклікаць, каб такія камітэты ствараліся, бо права на мірную не гвалтоўную забастоўку, мірны страйк, запісана нават у Канстытуцыі, гэта легальны і законны шлях змагання за свае правы”.
Пра моладзевы рух карэспандэнту распавёў лідар маладых хрысціянскіх дэмакратаў Магілёўшчыны Андрэй Бодзелеў:
“Апошнім часам моладзь стала больш палітычна-актыўнай, асабліва пасля нядаўніх падзей, калі было шмат затрыманняў. Маладыя людзі пачалі ўсё больш усведамляць, што адбываецца ў краіне. Пасля ўсяго гэтага я сустракаўся маладзёнамі, што пацярпелі, былі пакаранымі, за ўдзел у акцыях, з іх сябрамі, і яны выказалі жаданне далучыцца да нашага моладзевага руху. Так сама дае плён і наша звычайная праца сярод моладзі, нашы рады няўклонна пашыраюцца. Адзначу, што база хрысціянскай дэмакратыі абапіраецца на падмуркі божых запаветаў, але гэта тыя ж правілы, якімі ўсе карыстаюцца ў звычайным жыцці, і нават калі людзі не ходзяць у царкву, касцёл, гэта не перашкаджае далучацца да нас, ставіцца неяк негатыўна да партыі, да моладзевага руху хрысціянскіх дэмакратаў. Скажу яшчэ, што складанасцяў з вучэбным працэсам, нейкіх іншых праблемаў праз сяброўства ў БХД да гэтага часу не было”.
На пры канцы сустрэчы прэзентацыю кнігаў да 100-годдзя БХД “100 асобаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” і “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” правяла Вольга Севярынец.
Вольга Севярынец патлумачыла нам акалічнасці затрымання свайго мужа:
“Затрыманні Паўла звязаныя з яго актыўнасцю, бо ён, як хрысціянін, бачыць тое бяспраўе, якое адбываецца і спрабуе рэагаваць усімі магчымымі сіламі. Вось і зараз ён адзін з усіх апазіцыйных лідараў выйшаў да КДБ каб засведчыць пратэст супраць затрыманняў маладафронтаўцаў і па справе “Белага легіёна” і таму быў затрыманы. Скажу, што Павел стараецца займацца не толькі палітыкай, ён піша кнігі, зараз працуе над раманам, праводзіць прэзентацыі па гарадах Беларусі, падтрымлівае іншыя культурніцкія праекты. Але ў яго прынцып “калі не ён, то хто тады”, і таму ён ад гэтага не адступіцца, пакуль у Беларусі не адбудуцца сапраўдныя якасныя перамены”.