Апазыцыянэры сустрэліся з прадстаўнікамі Эўракамісіі і пайшлі на суды
Прадстаўнікі беларускай апазыцыі сустрэліся 5 красавіка з дэлегацыяй Эўракамісіі, якая знаходзіцца з візытам у Менску з 3 красавіка.
На сустрэчы прысутнічалі лідэры АГП, БХД, руху «За свабоду», сацыял-дэмакратаў і «Справядлівага сьвету». Два «правацэнтрысты» — Анатоль Лябедзька і Віталь Рымашэўскі — мусілі пайсьці да завяршэньня сустрэчы на суды над сабой.
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька па дарозе на суд распавёў Свабодзе:
«Мне здаецца, што як мінімум прадстаўнікі Эўракамісіі зробяць люстэркавы маніторынг сытуацыі ў Беларусі. Якія высновы будуць рабіць там на больш высокіх паверхах улады, пакажа час.
Мы ж казалі пра нашы патрабаваньні, якія мы разам зь людзьмі Беларусі выставілі да ўладаў: спыненьне рэпрэсіяў і вызваленьне ўсіх затрыманых, скасаваньне дэкрэту №3, рэалізацыя на практыцы заявы Лукашэнкі пра тое, што людзі могуць зьбірацца на плошчах у сваім горадзе, новы эканамічны курс і зьмена выбарчага заканадаўства, каб вярнуць людзям права выбару».
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі перад тым, як пайсьці на суд, заявіў Свабодзе:
«Сустрэча ідзе вельмі адкрыта, вельмі шчырая размова, суразмоўцы распавядалі пра свае сустрэчы з уладамі. Я перадусім падзякаваў ім за ўчорашнюю заяву (пра тое, што дзеяньні ўладаў Беларусі супярэчаць заяўленай палітыцы дэмакратызацыі і яе міжнародным абавязаньням. — РС).
Выказаў сваю пазыцыю ад імя правацэнтрысцкай кааліцыі наконт таго, што адбываецца, таму што многія нават эўрапейскія палітыкі цяпер спрабуюць дыскрэдытаваць пратэставы рух і дэмакратычную апазыцыю Беларусі. Кажуць, што мы не павінны ісьці на акцыю пратэсту, не павінны выступаць за свабодныя выбары, патрабаваць вызваленьня палітвязьняў… Такія галасы гучаць вельмі сур’ёзна. Мы сёньня пра гэта казалі — пра тое, што акцыі пратэсту былі мірныя, што КДБ, „закрываючы” нас, стварала ўмовы для правакацыяў; распавядалі, чаму людзі выходзяць на плошчу».
На сустрэчы таксама каротка прысутнічаў Уладзімер Някляеў, але сышоў, пакінуўшы ў якасьці сваёй прадстаўніцы Насту Дашкевіч.