«Было як у сьвінарніку», — хворы гарадзенскі пэнсіянэр з БХД адбыў 7 сутак арышту за акцыю недармаедаў

06 красавіка 2017 18:14  |  Палітыка

«Было як у сьвінарніку», — хворы гарадзенскі пэнсіянэр з БХД адбыў 7 сутак арышту за акцыю недармаедаў

 

63-гадовы
Мікалай Салянік з Горадні, які адседзеў 7 сутак за ўдзел у «Маршы недармаедаў»,
кажа, што турма не зьмяніла ягоных поглядаў на дзейную беларускую ўладу, а
толькі загартавала перакананьне, што ўладу трэба мяняць.

Сябра БХД Мікалай
Салянік упершыню ў жыцьці пабываў на «сутках» у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Мікалай
Салянік быў двойчы пакараны за ўдзел у абодвух «Маршах недармаедаў», якія
адбыліся ў Горадні. Першы раз яго пакаралі штрафам у сем базавых велічынь — ён
стаяў на прыступках аблвыканкаму зь бел-чырвона-белым сьцягам. У судзе Салянік
павярнуўся да прысутных у залі і папрасіў прабачэньня, што некалі галасаваў за
Лукашэнку.

Са шпіталя ў
турму

На
другі «Марш недармаедаў», 15 сакавіка, Салянік прыйшоў з тэмпэратурай, голас у
яго быў асіплы, але ён прамаўляў на плошчы Леніна перад мітынгоўцамі. Пасьля
гэтага зьлёг у шпіталь з запаленьнем лёгкіх. Да яго двойчы наведваліся
міліцыянты, але ён адмовіўся зь імі размаўляць.

Паводле
Саляніка, позвы ў суд ён не атрымліваў, а даведаўся, што яго судзяць, ужо
пасьля разгляду справы, калі засталося толькі зачытаць рашэньне. Ён прыйшоў на
суд, і адтуль яго ўжо павезьлі ў СІЗА. І вось сёньня, празь сем сутак, Мікалай
Салянік на волі.

— Спадар
Мікалай, найперш — як вы пачуваецеся, як было са здароўем увесь гэты час у
камэры?


Дзякуй. Я прымаў таблеткі ўвесь час і неяк пражыў і гэта. На волі папраўлюся…

— Умовы
ўтрыманьня моцна адбіваліся на здароўі? Адчувалі неспакой за здароўе?


Канечне, адчуваў і небясьпеку і страх, бо ў мяне ж да ўсяго хворае сэрца. Але
хацелася б сказаць пра ўмовы ўтрыманьня — жахлівыя. Стаўленьне ў добрым
сьвінарніку чалавека да жывёлы бывае лепшае, чым было ў нашым СІЗА. Камэра не
праветрывалася наагул ніводнага разу за сем сутак, чатыры віды кратаў на
вокнах, прыборку ў камэры ніхто ня робіць. Нават калі я сам вызваўся прыбраць
камэру і папрасіў венік, то мне адказалі, што ў іх няма нічога падобнага.
Давялося парваць сваю кашулю на ганучу і такім чынам рабіць прыборку. Карацей,
там усё робіцца толькі дзеля аднаго — зламаць чалавека.

У камэры былі
людзі з суседніх дамоў

— Хто з
вамі быў побач у гэтыя дні, што за людзі?


Розныя былі людзі: і тыя, хто ня плоціць алімэнтаў, і апівошы, і бандыты, і
хуліганы… Толькі ўсе яны людзі, якія, дарэчы, жывуць у суседніх дамах, на
суседніх вуліцах. І да мяне яны ставіліся з павагай, ведалі, за што я сяджу.
Яны ставіліся да мяне нашмат лепей, чым ахоўнікі. Мне здавалася, што яны
разумелі, што я сяджу тут у тым ліку і за іх.

— А як яны
ставіліся да вашай беларускай мовы?


Добра ставіліся. Ніхто ніколі дрэннага не сказаў пра нашу мову. Людзі глыбока
адчуваюць, што гэта і іх у тым ліку мова. Адзінае — у кожнага да яе свой шлях.
Мне здаецца, што тыя людзі, якія са мной сядзелі, гэта разумелі, а таму мы
нават не казалі пра гэта ўслых.

Вырак быў хуткі

— Спадар
Мікалай, вы прыйшлі на суд, калі ўжо судзьдзя зачытваў рашэньне па вашай
справе. Што вы тады адчулі, калі вам абвясьцілі сем сутак арышту?


Папраўдзе, я быў у шоку, я ніяк гэтага не чакаў. Мне ж не прынесьлі ні позвы,
не патэлефанавалі, я толькі дзень таму выйшаў са шпіталя, я хворы на сэрца…
Ніхто нічога ня ўзяў пад увагу, судзьдзя так хутка зачытаў той прысуд, а потым
папросту зьбег з залі, бо, відаць, усё ж было сорамна. Я нават ня здолеў неяк
адрэагаваць. Гэта было нешта.

— І вось
першыя гадзіны, дні ў камэры — пра што думаецца, што не выходзіць з галавы?


Першыя дні я насамрэч думаў толькі пра адно — што добрага я раблю для сябе,
сваёй сямʼі, сваёй краіны? І з кожным днём мае перакананьні ў
правільнасьці маіх учынкаў мацнелі. І я ні на хвілінку не пашкадаваў
аб тым, што ўзяў актыўны ўдзел у абодвух «маршах недармаедаў», выступаў перад
людзьмі, трымаў наш сьцяг. Я моцна перакананы, што раблю гэта не для сябе, а
для людзей, для Радзімы, для сваіх родных і блізкіх.

Шкадую, што раней не разабраўся ў Лукашэнку

— За вельмі
кароткі тэрмін вы пасьпелі стаць удзельнікам двух мітынгаў, адляжалі ў шпіталі,
адбылі сем сутак арышту.


Тады, прыйшоўшы з высокай тэмпэратурай на мітынг, я вырашыў, што лепей памру
падчас мітынгу, чым з пампэрсам у шпіталі. І гэта не рашэньне аднаго дня, я
ішоў да гэтага гадамі, мяне некалі таксама выхоўвалі цудоўныя бацькі, добрыя
настаўнікі, проста звычайныя добрыя беларускія людзі. Я вось толькі шкадую, што
на пачатку 90-х гадоў не разабраўся адразу ў Лукашэнку, а ён нас тады такіх
усіх папросту падмануў, нагаварыўшы пра справядлівую сацыяльную дзяржаву. Цяпер
прыйшоў час і мне разьвеяць ягоныя міты і зрабіць нешта для сваёй Радзімы.

Мікалай Салянік нарадзіўся ў
Дубровенскім раёне Віцебскай вобласьці, скончыў школу ў Горацкім раёне
Магілёўскай вобласьці. Адвучыўся ў Гарадзенскім сельгасінстытуце. Працаваў
аграномам, у тым ліку ў калгасе «Абухава» Гарадзенскага раёну, начальнікам
упраўленьня сельскай гаспадаркі Гарадзенскага райвыканкаму, дырэктарам
птушкафабрыкі, старшынём калгаса, некалькі год у нямецка-беларускім сумесным
прадпрыемстве «Надзея». Цяпер — пэнсіянэр.

 

Болей навін