Павел Севярынец: справа 27-і – гэта бутафорыя і нахабная хлусня (відэа)

07 красавіка 2017 14:01  |  Палітыка

Павел Севярынец: справа 27-і – гэта бутафорыя і нахабная хлусня (відэа)

 

У сваім чарговым відэазвароце сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі
Павел Севярынец выказваецца наконт справы “Дваццаці сямі” “супраць так званых
баявікоў, якія нібыта хацелі зладзіць масавыя беспарадкі ў Менску гэтай вясной”.
Прыводзім тэкст звароту, які быў запісаны перад арыштам палітыка 31 сакавіка:

 

“Нагадаю пра тое, што адбылося за некалькі дзён да
масавых акцыяў 25 сакавіка, свята Дня Волі. Больш дваццаці маладых беларусаў,
патрыётаў былі схопленыя, многія з іх з уласных дамоў, многія на працы, многія
ў прысутнасці жонак, дзяцей і зацягнутыя ў следчы ізалятар КГБ, так званую
“Амерыканку”, альбо следчы ізалятар Міністэрства ўнутраных спраў, так званую
“Валадарку”.

Гэтыя маладыя людзі былі абвінавачаныя ў тым, што
яны рыхтавалі масавыя беспарадкі на 25 сакавіка. Сярод гэтых людзей вядомы
беларускі палітык, хрысціянін, бацька двух дзяцей Зміцер Дашкевіч; гісторык
Аляксандр Зімніцкі, супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея ў Беларусі; людзі,
якія займаюцца продажам беларускіх кнігаў, такія як Міраслаў Лазоўскі і Алесь
Яўдаха; маладафронтаўцы Ўладзь Яроменак, Раман Васільеў, Сяргей Пальчэўскі – абаронца
Курапатаў. Людзі ў Беларусі вядомыя.

Што ж? Можа, насамрэч, вось гэтыя маладыя людзі,
гарачыя, сабраліся і вырашылі зладзіць нейкія масавыя беспарадкі, каб скінуць
гэты рэжым? Факты гавораць пра іншае. Зміцер Дашкевіч і некалькі
маладафронтаўцаў належаць да руху “Малады фронт”, які спавядае негвалтоўны
супраціў. У гэтым руху строга прытрымліваюцца хрысціянскіх каштоўнасцяў у
палітыцы і праграма ясна сведчыць – метады дасягнення перамогі негвалтоўныя і
законныя. Міраслаў Лазоўскі абвінавачаны ў тым, што ён прадстаўляе “Белы
легіён”, але афіцыйна гэтая патрыятычная арганізацыя спыніла сваё існаванне ў
пачатку 2000-х гадоў і з тых пор яе проста няма. Больш пятнаццаці гадоў мы не
бачылі ні мерапрыемстваў, ні акцыяў “Белага легіёну”.

Бабруйскія патрыёты, якія навучалі бабруйскую
моладзь беларускай гісторыі, беларускай мове, праводзілі спартовыя выхаванні,
дзейнічалі пад кантролем і пры спрыянні мясцовых міністэрстваў унутраных спраў
і камітэта дзяржаўнай бяспекі. Такім чынам, гэта былі структуры, якія
дзейнічалі пры дазволе сённяшніх сілавых структураў.

На жаль, гэта ўжо не першы раз, калі мы бачым
фабрыкацыю крымінальнай справы з такімі абвінавачаннямі.

У 2008 годзе пасля сумнавядомага выбуху ля стэлы
на Дзень Незалежнасці многія з тых, хто зараз сядзіць у “Амерыканцы” і ў
“Валадарцы”, таксама былі абвінавачаныя ў гэтым тэракце. Праўда, праз дзесяць дзён
без ніякіх прабачэнняў, без ніякіх тлумачэнняў гэтыя людзі былі вызваленыя. Тая
ж самая сітуацыя разгортваецца і цяпер – людзей, якія спавядаюць законныя і
негвалтоўныя спосабы барацьбы нахабна абвінавачваюць у падрыхтоўцы масавых
беспарадкаў. Перад тэлекамерамі выкладываюць, невядома адкуль узятыя, макеты
гранатаў, паляўнічую зброю, нажы, забраныя часам з кухняў у сем’ях гэтых
хлопцаў, а часам невядома адкуль прынесеныя і пакладзеныя, і ўсё гэта падаецца,
як вялікі поспех сілавікоў. Больш за тое, хваля інфармацыі да міжнароднае супольнасці
– маўляў, беларускія сілавікі прадухілілі чарговы тэракт. Такая бутафорыя гэта
зноў жа смяротны грэх і лжэсведчанне. Я асабіста ведаю многіх людзей, якіх
зараз абвінавачваюць у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Магу вас пераканаць:
гэта людзі, якія выхоўваюць дзяцей, гэта людзі з сем’ямі, гэта людзі, якія
ходзяць у царкву, людзі, у якіх у сэрцы любоў да Беларусі і любоў да Бога.
Гэтыя людзі ня здольныя на стварэнне масавых беспарадкаў, альбо тэрактаў, гэта
людзі, які абаранялі і абараняюць Беларусь. Пра што мы маем дзясяткі
сведчанняў: і той жа самы Дашкевіч, і той жа самы Пальчэўскі гатовыя аддаць
сваю ўласную свабоду, аддаць жыццё за Беларусь. Мы бачылі гэта літаральна некалькі
тыдняў таму ў Курапатах.

Давайце звернем увагу на адзін момант – у 2010
годзе, пасля Плошчы сілавікі таксама раскладвалі перад тэлекамерамі ўзоры
зброі, арматуры, баявых сякераў і з указаннем прозвішчаў згадвалі, што такія і
такія людзі рыхтавалі такія і такія правакацыі, прынеслі такую і такую зброю на
Плошчу. Што дзіўна на судах у 2011 годзе ніякіх зброяў, ніякіх арматураў ужо не
фігуравала. А цэлыя гаражы арматуры проста зніклі з судовых справаў. Усё проста
– даказаць, што гэта зрабілі людзі, якія выйшлі на Плошчу, было проста
немагчыма. Гэта была фабрыкацыя ў чыстым выглядзе, разлічаная на сродкі масавай
інфармацыі, на ўспрыняццё заходніх дыпламатаў. Гэта была проста страшылка, за
якой стаяў глабальны падман. І таму мы бачым карціну, якая паўтараецца зноў і
зноў. Справа Аўтуховіча – як быццам бы ёсць гранатамёт, як быццам бы ёсць
тэракт супраць чыноўнікаў, але адбываецца суд – ніякага гранатамёта ў справе
ўжо няма, і судзяць Аўтуховіча за пяць паляўнічых патронаў, знойдзеных у яго
дома. Мы бачым, што почырк той жа самы, мы бачым, што гэта бутафорыя, гэта фабрыкацыя,
гэта нахабная хлусня, і мы павінныя разумець – за гэта тыя людзі, якія
рыхтавалі гэтую правакацыю, панясуць адказнасць.

Першае, што нам патрэбна зараз зрабіць – нам трэба
патрабаваць вызвалення хлопцаў. Мы разумеем, што разгон 25 сакавіка і справа
“Дваццаці сямі” гэта звёны аднаго ланцуга, спроба запалохаць беларусаў. У гэтыя
дні, калі хлопцам будуць прад’яўляць фальшывыя абвінавачванні, мы павінныя
патрабаваць ад міжнароднае супольнасці салідарнасці. Еўрапейскія амбасадары, на
мой погляд, павінныя правесці чырвоную лінію з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі.
27 чалавек, якія будуць заставацца ў турмах – гэта крэс, гэта заканчэнне
дыялогу пра супрацу з сённяшнім беларускім рэжымам. Бо зняццё санкцый з
Лукашэнкі і ягоных памагатых адбылося ў выніку вызвалення шасці палітычных
вязняў. Тут у нас пагроза 27-і новых палітычных вязняў. Еўрапейцы проста
павінныя заняць маральную пазіцыю, еўрапейцы проста абавязаныя стаць цвёрда,
інакш еўрапейская палітыка ў Беларусі пацерпіць крах.

Вялікая просьба да беларусаў – маліцца за гэтых
мужных людзей, за гэтых хлопцаў, дасылаць ім паштоўкі, удзельнічаць у акцыях
падтрымкі і салідарнасці. Думаю, што пры ўдзеле беларускае салідарнасці, пры
ўдзеле міжнароднае салідарнасці, мы разам з вамі здолеем дамагчыся вызвалення
Змітра Дашкевіча, Міраслава Лазоўскага, Сяргея Пальчэўскага, Алеся Яўдахі,
Аляксандра Зімніцкага і многіх іншых сапраўдных патрыётаў Беларусі. Уся іх віна
ў тым, што яны любяць Беларусь, а наша патрэба абараняць сваіх герояў, абараняць
тых людзей, хто несправядліва пацярпеў.

Дзякуй, дарагія сябры! Заклікаю вас да
салідарнасці!”

Болей навін