«Прыбіральня не працавала, на шпацыр не выпускалі», — гарадзенец Антон Войцехаў пасьля 10 сутак арышту
Сябра
гарадзенскай арганізацыі БХД Антон Войцехаў быў асуджаны за ўдзел у двух
«маршах недармаедаў». На першы раз яго аштрафавалі, а другім разам прысудзілі
10 сутак арышту. Свабодзе Войцехаў сказаў, што ўпершыню сядзеў на сутках.
Найперш
дзякаваў усім, хто яму дапамагаў у гэтыя дні пераадолець гэтыя суткі:
—
Мне пастаянна перадавалі перадачы, незнаёмыя людзі з усяе Беларусі дасылалі
лісты, паштоўкі — гэта вельмі дапамагала, а таму ўдзячны ўсім гэтым людзям за
падтрымку.
— У якіх
ўмовах даводзілася адбываць пакараньне?
—
Умовы часам былі зусім жудасныя: кіпень не прыносілі, прыбіральня не працавала,
на шпацыр не выпускалі. Я ўпершыню трапіў у такія ўмовы. Але я зразумеў: тое,
што яны нас садзяць на суткі, гэта ўжо на людзей не паўплывае. На маю думку,
людзі ўжо ня спыняцца перад тым, каб набліжаць зьмены ў нашай краіне.
— Ці
даходзіла нейкая інфармацыя?
—
Так, перадавалі «Народную волю», «Свободные новости». Вось усе ў камэры і даведваліся
пра тое, што робіцца на волі.
— Вашыя
сукамернікі цікавіліся, за што вы сядзіце?
—
Так, вядома. Праўда, кантынгент быў своеасаблівы — як правіла, людзі, якія
трапілі за побытавыя альбо крымінальныя злачынствы. Праўда, іх чамусьці многае
цікавіла з таго, за што я сюды трапіў. Шмат ім расказваў, як я бачу тое, што
адбываецца ў краіне. Для некаторых мае погляды былі адкрыцьцём, і мае
сукамернікі казалі, што абавязкова наступным разам прыйдуць на Плошчу, каб
прыняць удзел у акцыі апазыцыі.
— Першы
глыток паветра на волі ня моцна ўскружыў галаву?
—
Так, сапраўды, гэты першы глыток вольнага паветра на поўныя лёгкія — гэта нешта
асаблівае. Цяжка нават пераказаць словамі, што гэта значыць. Усё ж свабода —
гэта не пустое слова. У мяне зь першым глытком свабоднага паветра нават
затрэсьліся рукі.