Віталь Рымашэўскі: фальшыўкі БТ усё менш і менш уздзейнічаюць на людзей
“Абсалютна непрафесійны
і нічым неабгрунтаваны матэрыял”, – так пракаментаваў сустаршыня Беларускай
хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі апошні фільм БТ, прысвечаны “Беламу
легіёну”.
“Беларускіх
прапагандыстаў з іх адсутнасцю прафесіяналізму можна параўнаць хіба што з
сілавымі ведамствамі, якія кідаюць беспадстаўна людзей за краты, а потым не
могуць даказаць іх віну”, – адзначыў ён.
На яго думку,
падобныя фальшыўкі ўсё менш і менш уздзейнічаюць на людзей, у якіх з’явіліся
альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі. “Людзі не вераць уладзе і прапагандзе –
занадта шмат і занадта доўга ім хлусілі”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі,
заявіўшы пра неабходнасць вызвалення ўсіх палітвязняў.
“Паўтараецца
сітуацыя 2010 года, калі ў судах не змаглі даказаць віну ні па адным з
абвінавачванняў. Палітвязнямі былі прызнаныя ўсе, асуджаныя за ўдзел у
палітычнай кампаніі. Калі гэта адбудзецца, то наступствы адчуе ўся Беларусь, бо
наша краіна непазбежна апынецца ў міжнароднай ізаляцыі. І выключна ўлады, КДБ і
МУС, якія кінулі людзей за краты, будуць адказныя за эскалацыю эканамічнага
крызісу, які стане наступствам такой бяздарнай палітыкі. Таму ўсіх палітвязняў
трэба неадкладна вызваліць”, – дадаў сустаршыня БХД.
Паводле яго,
палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі і простыя партыі павінны сёння
кансалідавана выступаць у абарону затрыманых.
Віталь Рымашэўскі
таксама пажадаў прапагандыстам-аўтарам фільму апынуцца ў беларускіх вязніцах
хаця б па адміністратыўных справах, каб на сваіх скурах адчуць паўнату тых “камфортных”
умоў, якія стварае для простых грамадзян беларускі рэжым. “Гэтыя людзі павінна
перад судом адказаць за паклёп. І я перакананы, што яны яшчэ панясуць
заслужанае пакаранне”, – адзначыў ён.