Рамана Ганчарова аштрафавалі за дзве ўлёткі пра Марш недармаедаў

19 красавіка 2017 09:25  |  Палітыка

 

Адміністрацыйная камісія пры Маладзечанскім райвыканкаме
(старшыня камісіі – Ліхадзіеўская Т.В., сакратар – Глаткая С.І., члены –
Камароўскі В.А., Крук І.В., Лявіцкая Е.В., Невяровіч Т.А., Рабец А.Г., Хархалёў
К.Э.) на падставе матэрыялаў справы аб адміністрацыйным правапарушэнні з АУС
прызнала каардынатара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Рамана Ганчарова
вінаватым у парушэнні 10 сакавіка ч. 2 арт. 21.14 КаАП (парушэнне правілаў
добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў) і аштрафавала яго на 10
базавых велічынь, або 230 рублёў.

Сам актывіст заяўляе, што правапарушэння не здзяйсняў, бо
паспеў наляпіць толькі дзве ўлёткі пра маладзечанскі Марш недармаедаў на дошкі
аб’яваў каля ўваходных дзвярэй пад’ездаў.

Пра гэта ён паказаў у заяве адміністрацыйнай камісіі аб
спыненні адміністрацыйнай справы, але пастанова аб накладанні адміністрацыйнага
спагнання было ўжо раздрукавана да яе пасяджэння, куды засталося толькі ўпісаць
памер штрафу.

Раман Ганчароў таксама адзначыў парушэнні ў складанні ў
дачыненні да яго адміністрацыйнага пратакола, які да таго ж быў складзены без
яго ўдзелу і ў ім не была пазначана колькасць і канкрэтнае месца размяшчэння
улётак.

Асаблівую падзяку ён выказаў праваабаронцам «Вясны» за
аказаную дапамогу.

Нагадаем, што за расклейку ўлётак актывіст БХД правёў
пад арыштам
пяць сутак з 10 па 15 сакавіка.

Болей навін