Віншуем з днём народзінаў Ірыну Багдановіч!
30 красавіка святкуе свой дзень народзінаў паэт,
літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, выкладчык БДУ і адна з
сустаршыняў Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці у 1991-1995 гадах Ірына
Багдановіч.
Ірына Эрнстаўна
Багдановіч нарадзілася 30 красавіка 1956 года ў Лідзе ў сям’і інжынераў. Ужо з двухгадовага ўзросту яна жыла ў Гомелі, дзе выхоўвалася ў
дзядулі і бабулі з боку таты. Маці Ірыны памерла, калі дзяўчыне споўнілася 14
гадоў.
У 1973 годзе
Ірына Багдановіч скончыла сярэднюю школу і распачала навучанне на гісторыка-філалагічным
факультэце Гомельскага ўніверсітэта, якія праз пяць год паспяхова скончыла.
У 1978 годзе
пераехала ў Мінск і паступіла ў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я.
Купалы Акадэміі навук Беларусі. Затым стала навуковым
супрацоўнікам пры Акадэміі. У 1985 годзе была абаронена яе кандыдацкая праца па
рамантычных матывах у творчасці Янкі Купалы, а праз чатыры гады Ірына
Багдановіч, на той час і паэтэса, і перакладчыца, і навуковец, і літаратурны
крытык стала сябрам Саюза Пісьменнікаў. Яе вершы друкаваліся ў часопісах
“Полымя”, “Маладосць”, “Літаратуры і мастацтве”, альманаху “Дзень паэзіі”.
Першая кніга паэткі – “Чаравікі дзяцінства”
( 1985 год). Затым былі “Фрэскі” ( 1989), “Вялікдзень” (1993), “Сармацкі
альбом” (2004), дзе ажывае ў паэзіі “даўняя і нядаўняя сармацка-рыцарская
гісторыя Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, калі спавядаліся ідэалы
вольнасці і веры, панаваў культ Айчыны, сагрэты і ўзвялічаны каханнем”;
“Прыватныя рымляне” (2006). У 2016 годзе выдала кнігу сваёй паэзіі, перакладаў
з польскай мовы і літаратуразнаўчых артыкулаў — «Залатая горка».
Напрыканцы 1980-ых
і пачатку 90-ых ХХ стагоддзя Ірына Багдановіч стала актывісткай нацыянальнага
Адраджэння і была цесна звязана з дзейнасцю хрысціянскай дэмакратыі.
1 чэрвеня 1991
гогда, калі адбылася ўстаноўчая канферэнцыя Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай
Злучнасці (БХДЗ), разам з Феліксам Янушкевічам Ірына Багдановіч прадстаўляла
каталіцкі бок – і была абраная сустаршынёй БХДЗ.
Многія працы
Ірыны Багдановіч прысвечаныя гістарычным постацям, звязаным з заснаваннем БХД і
дзейнасцю хрысціянскіх дэмакратаў на пачатку ХХ стагоддзя. Сярод іх вядомыя
святары і грамадска-палітычныя дзеячы Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі,
Кастусь Стэповіч (Казімір Сваяк), Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля), Язэп
Германовіч (Вінцук Адважны) і інш.
Зараз Ірына Багдановіч
жыве ў Мінску, выкладае студэнтам у БДУ.
Аксана Ючкавіч