Віталь Рымашэўскі: хамскае стаўленне ўладаў – асноўная прычына масавых пратэстаў (дадалося відэа)
“Шуневіч кажа пра
кампраметацыю беларускай міліцыі. Але ніхто не кампраметуе беларускую міліцыю
так, як нашы міліцыянты”, – так пракаментаваў сустаршыня Беларускай
хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі шматлікія спыненні аўтамабіля з ім і
Вольгай Кавальковай супрацоўнікамі ДАІ па дарозе на мітынг у Гомелі, а таксама
паводзіны міліцыянтаў на самім мітынгу.
“Тое, што сёння
было, гэта проста дрэнны цырк. У выніку мы спазніліся на акцыю. Але я дзякую
ўсім людзям, якія прыйшлі. Сёння было вельмі шмат новых людзей, якія гатовыя
далучыцца да грамадскіх арганізацый і палітычных партый. Тое, што сёння ўчынілі
ўлады, калі не прапусцілі нават бел-чырвона-белы сцяг – гэта рэгіянальнае
дзікунства. Тое, што адбываецца ў Менску, у рэгіёнах памнажаецца яшчэ на
выбрыкі мясцовых чыноўнікаў і мясцовых кіраўнікоў сілавых структур. Сёння быў
намеснік старшыні гомельскага гарвыканкаму, я ў яго пытаўся, чаму не пускаюць
бел-чырвона-белы сцяг, але ён фактычна сышоў ад адказу”, – адзначыў ён.
“З такім
стаўленнем масавыя акцыі будуць множыцца ў Беларусі, а сацыяльныя пратэсты
толькі расці. Гэта можна вызначыць па тым, што стаўленне людзей да ўладаў не
памянялася. Менавіта гэта хамскае стаўленне ўладаў выводзіць людзей на мітынгі,
даводзіць людзей да галечы. Гэта асноўная прычына масавых пратэстаў, якія
непазбежна хлынуць у Беларусі. Людзі, якія выходзяць сёння на вуліцы, – гэта
толькі зерне, якое дасць свой колас у будучыні”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.
“Улада спачатку
дазваляе мітынг, а пасля сама ж пачынае ладзіць бясчынствы, калі нават на
пляцоўку для мітынгу нельга прайсці без дагляду, а прапускная магчымасць
пакідае жадаць лепшага. Абшукваюць і кішэні, і абутак, і нават пад штанамі
нешта шукаюць – гэта проста знявага людзей, якія прыйшлі на масавае
мерапрыемства”, – адзначыла сустаршыня Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга
Кавалькова.
Паводле яе, на
мітынгу ў Гомелі каля 20 чалавек запісаліся ў ХДР. Некаторыя таксама пажадалі
далучыцца да Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.