Газета “Крыніца”

19 мая 2017 12:01  |  Грамадства

Газета “Крыніца”

 

Рашэнне аб
выданні ўласнай газеты аказалася найважнейшым вынікам з’езду 24-25 траўня 1917
года. У віхуры падзеяў, калі цягам некалькіх месяцаў дэмакратычная ўлада
змянялася бальшавіцкай, калі хвалямі пракочваліся па Беларусі грамадзянская
вайна, нямецкая акупацыя, польская акупацыя, зноў савецкая акупацыя, крывавыя
межы і падзелы – менавіта рэгулярнае выданне злучала і натхняла рассечаны
франтамі паўсюдны беларускі рух да Хрыста і свабоды. Рэдакцыя і падпісчыкі
“Крыніцы” 1917-1925 гадоў склалі аснову масавай хадэцыі на тэрыторыі Заходняй
Беларусі.

На з’ездзе
прапанавалі назваць газету “Бацькаўшчына”. Але 8 кастрычніка ў Петраградзе, які
застаўся базай БХДЗ, выйшаў першы нумар “Крыніцы”. Арганізацыйна рыхтаваў гэта
яшчэ з 1916 году Фабіян Абрантовіч, рэдактарам стаўся ксёндз Люцыян Хвецька. Да
канца 1917 году выйшла 6 нумароў “Крыніцы”, прычым №3 быў надрукаваны ў Менску
– але паколькі Менск апынуўся ў самым жарале вайны, рэдакцыйная праца вялася
па-ранейшаму ў Петраградзе. Наклад першых нумароў складаў 300 асобнікаў, затым
павялічыўся да 500 і 700-800, і далей дасягаў 4-5, а падчас выбараў і 10
тысячаў асобнікаў.

Напачатку,
паколькі асноўная частка газеты пашыралася праз каталіцкія парафіі, “Крыніца”
выходзіла лацінкай.

Менавіта ў
“Крыніцы” былі скшталтаваныя ідэйныя асновы БХД. У адным з першых нумароў
чытаем: “Найлепшая тая арганізацыя, каторая можа даваць сваім сябрам прасьвету,
а зь ёю культуру, каторая дбае аб дабро сяброў эканамічнае, ды тож не выкідае з
сваёй мэты жыцьця рэлігійнага. Гэткай арганізацыяй ёсьць Хрысьціянская
дэмакратычная злучнасьць. Яна будуецца на вялікіх хрысьціянскіх законах,
выказаных праз папежа Лявона ХІІІ, у яго акружных пісьмах. Хрысьціянская
дэмакратычная злучнасьць мае на мэце злучыць усіх хрысьціян, найбольш
каталікоў, у адну моцную арганізацыю, каторая памагала б у барацьбе з
труднасьцямі жыцьця і супакойвала б патрэбы душы. Хрысьціянская дэмакратычная
злучнасьць мае на мэце не рэлігійныя патрэбы, а эканамічныя і грамадзянскія,
пранікнутыя духам Хрыстовым – безь ненавісьці, безь несправядлівай барацьбы”.

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя:
1917 – 2017”

Працяг будзе

 

Болей навін