“Хрысціянская дэмакратыя была храбтом беларускай дзяржаўнасці”: БХД адзначае юбілей
25 мая 2017 13:24 | Галоўныя навіны
![“Хрысціянская дэмакратыя была храбтом беларускай дзяржаўнасці”: БХД адзначае юбілей “Хрысціянская дэмакратыя была храбтом беларускай дзяржаўнасці”: БХД адзначае юбілей](/wp-content/uploads/old/posts/2017-05/thumbs/1495707900_stagoddze-bhd-3.jpg)
24 траўня ў Мінску адбылася канферэнцыя, прысвечаная 100-годдзю заснавання 24-25 траўня 1917 года партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Пачалася канферэнцыя з малітвы “Ойча наш” і прэзентацыі кніг пра гісторыю БХД і дзеячоў беларускай хадэцыі, якія выйшлі сёлета – “Беларуская хрысціянская дэмакратыя: 1917-2017” і “100 асобаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі”.
Хрысціянская дэмакратыя – не еўрапейская вынаходка
Як адзначыў сустаршыня БХД Павел Севярынец, увогуле гісторыя хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі налічвае больш за тысячу гадоў. У якасці прыкладу гэтага ён прывёў вечавы лад у Полацкім княстве і шляхецкую дэмакратыю ў Вялікім княстве Літоўскім, імкненне да дэмакратыі і хрысціянства лідараў вызваленчых паўстанняў ХІХ стагоддзя. “За 1000 гадоў існавання беларускай дзяржаўнасці менавіта хрысціянская дэмакратыя была яе храбтом”, – адзначыў палітык.
Пры гэтым ён нагадаў, што з 50 лідараў міжваеннай БХД 1920-1930-х гадоў, 15 сталі ахвярамі нацыстаў, 32 – камуністаў.
![стагоддзе БХД 6](https://krynica.info/wp-content/uploads/2017/05/стагоддзе-БХД-6.jpg)
“Хрысціянская дэмакратыя – не еўрапейская вынаходка, прыўнесеная ў Беларусь. Хрысціянская дэмакратыя была натуральнай на тэрыторыі Беларусі”, – заявіў Павел Севярынец, дадаўшы, што Беларусь – адзіная краіна, дзе хрысціянска-дэмакратычная партыя незарэгістраваная.
З вітальнымі словамі на канферэнцыі выступілі лідары іншых беларускіх партый і рухаў. Гэтак, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч падкрэсліў, што гісторыя хрысціянскай дэмакратыі з’яўляецца “неад’емнай часткай змагання беларусаў за ўласную дзяржаву і нацыянальнае адраджэнне”. “Магчыма, зараз засноўваецца новая традыцыя, калі 1917 год будзе асацыявацца не з Кастрычніцкай рэвалюцыяй, а з утварэннем БХД”, – падкрэсліў ён, пажадаўшы рэалізацыі тых задач, якія былі закладзеныя заснавальнікамі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі 100 гадоў таму.
Абрантовіч, Гадлеўскі, Станкевіч мусяць быць вядомыя ўсім беларусам
У сваю чаргу былы старшыня Руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык назваў міжваенную БХД вяршыняй палітычнай думкі Беларусі ХХ стагоддзя. Паводле яго, у часы таталітарызму было вельмі мала палітычных плыняў, якія адстойвалі менавіта беларускія нацыянальныя інтарэсы. На яго думку, імёны такіх заснавальнікаў і лідараў БХД, як Фабіян Абрантовіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Адам Станкевіч мусяць быць вядомыя ўсім беларусам. Сёння ж наяўнасць беларускіх партый – адзінае, што не дазваляе загнаць беларускі народ у таталітарызм, заявіў ён.
![стагоддзе БХД 4](https://krynica.info/wp-content/uploads/2017/05/стагоддзе-БХД-4.jpg)
Лідар Маладога фронту Зміцер Дашкевіч у сваім выступе адзначыў, што ідэі хрысціянскай дэмакратыі сёння падзяляюць людзі з розных партый і непартыйныя. “Ісус Хрыстос і хрысціянства – тое асноўнае, што яднае прадстаўнікоў ідэі хрысціянскай дэмакратыі”, – адзначыў ён, пажадаўшы БХД наступны юбілей святкаваць фракцыяй у парламенце.
Паводле яго, “толькі тое грамадства паспяховае, якое заснаванае на трывалым падмурку, а трывалей за Ісуса Хрыста няма нічога”.
Пачатак хрысціянска-дэмакратычнаму руху на Беларусі![стагоддзе БХД 8](https://krynica.info/wp-content/uploads/2017/05/стагоддзе-БХД-8.jpg)
Уласна канферэнцыя распачалася з выступу галоўнага рэдактара Krynica.info Максіма Гацака, які распавёў пра гісторыю першай беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі – Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі, якая ўзнікла ў лютым 1906 года па ініцыятыве віленскага каталіцкага біскупа Эдварда Ропа і адразу ж здолела правесці сваіх дэпутатаў у Дзяржаўную Думу Расійскай імперыі. Хоць пад ціскам уладаў яна неўзабаве і спыніла сваё існаванне, але яна паклала пачатак хрысціянска-дэмакратычнаму руху на Беларусі, адзначыў выступоўца.
Палітолаг, доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч у сваю чаргу распавёў пра падабенства і розніцу хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі і свеце. Паводле яго, прычынай узнікнення хрысціянскай дэмакратыі ў Заходняй Еўропе сталі рост сацыялістычных і атэістычных рухаў і паслабленне сувязі паміж Царквой і дзяржавай, а засноўвалі яе святары і іншыя людзі, звязаныя з царкоўнай іерархіяй. “Беларусь тут не была выключэннем”, – адзначыў ён.
![стагоддзе БХД 9](https://krynica.info/wp-content/uploads/2017/05/стагоддзе-БХД-9.jpg)
Збліжае беларускую хадэцыю з еўрапейскай і тое, што ад пачатку гэты рух узнікаў у каталіцкіх краінах, у Беларусі – сярод яе каталіцкага насельніцтва. Больш за тое, як і ў Заходняй Еўропе, хрысціянская дэмакратыя ў Беларусі належыць да правага флангу палітычнага спектру, тады як у Лацінскай Амерыцы яна больш левая. Асаблівасцямі ж сучаснай хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі ў параўнанні з еўрапейскай палітолаг назваў большую ўвагу на нацыянальнае пытанне, што тлумачыцца актуальнасцю нацыянальнага адраджэння, а таксама адсутнасць сталай сувязі з царкоўнымі інстытутамі, прычына чаго – беларускі рэжым і перапыненне традыцыі ў СССР.
Савецкі таталітарызм не быў асуджаны як абсалютнае зло
Палітык, былая намесніца старшыні Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі Людміла Пеціна падзялілася з прысутнымі сваімі ўспамінамі пра аднаўленне хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі ў 1990-я гады. Паводле яе, пры далучэнні да хадэцыі яе найбольш уразіла тое, што менавіта дзякуючы хрысціянскай дэмакратыі ў Заходняй Еўропе ў пасляваенны перыяд праз асуджэнне фашызму і нацызму адбылося прымірэнне людзей і краін. “Гэтая ідэя дапамагла хрысціянскай дэмакратыі стаць вядучай сілай”, – дадала яна, нагадаўшы, што хрысціянская дэмакратыя стаіць ля вытокаў ЕС.
![стагоддзе БХД 11](https://krynica.info/wp-content/uploads/2017/05/стагоддзе-БХД-11.jpg)
“Тое ж, што на постсавецкай прасторы савецкі таталітарызм не быў асуджаны як абсалютнае зло, і паўплывала на тую сітуацыю, якую мы маем на сённяшні дзень”, – падкрэсліла выступоўца.
Людміла Пеціна адзначыла першыя спробы па ўсталяванні экуменічнай злучнасці ў Беларусі, якія неўзабаве пачалі сутыкацца з перашкодамі, асабліва з боку Праваслаўнай Царквы, уступленне БХДП у Хрысціянска-дэмакратычны інтэрнацыянал і правядзенне ў Мінску кангрэсу на тэму хрысціянскай дэмакратыі ў сучаснасці з удзелам палітыкаў з Заходняй Еўропы, аб’яднанне хрысціянска-дэмакратычных партый Усходняй Еўропы, якое, тым не менш, не здолела развіцца з прычыны забойства ў 1994-1995 гадах грузінскага і расійскага лідараў хрысціянскай дэмакратыі – Георгія Чантурыі і Віталя Савіцкага. У 1999 годзе беларускімі ўладамі была зачыненая і БХДП. “Я вельмі рада, што з’явіліся новыя сілы, якія падтрымалі ідэі хрысціянскай дэмакратыі. Яны сёння вельмі актуальныя”, – заявіла палітык.
![стагоддзе БХД 17](https://krynica.info/wp-content/uploads/2017/05/стагоддзе-БХД-17.jpg)
Анатоль Астапенка, адзін з былых сустаршынёў адроджанай БХД і лідар у 1995-1999 гадах Беларускай нацыянальнай партыі, якая таксама стаяла на пазіцыях хрысціянскай дэмакратыі, адзначыў, што ўсе беларускія партыі пачалі марнець пасля рэзкага росту паўнамоцтваў прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў 1996 годзе, у выніку чаго засталіся толькі найбольш масавыя. “Усе хрысціянска-дэмакратычныя партыі ў 1999 годзе былі зачыненыя, і ўтварыўся вакуум, які запоўніла ўжо новае пакаленне хрысціянскіх дэмакратаў”, – заключыў ён.
Хрысціянская дэмакратыя – гэта палітычнае і сацыяльнае служэнне![стагоддзе БХД 12](https://krynica.info/wp-content/uploads/2017/05/стагоддзе-БХД-12.jpg)
Стаялі ж ля вытокаў адраджэння БХД у 2000-х гадах лідары Маладога фронту, якія ў 1997-1998 гадах, кожны са сваіх прычын, паверылі ў Бога, адзначыў былы намеснік старшыні МФ, а потым сустаршыня БХД у 2004-2011 гадах Аляксей Шэін. Паводле яго, кіраўніцтва Маладога фронту вырашыла стварыць хрысціянска-дэмакратычную партыю, першае паседжанне па ўтварэнні якой адбылося 18 снежня 2004 года ў Мінску. Удзел у ім прынялі таксама пастары і вернікі евангельскіх цэркваў, якія таксама актыўна ўдзельнічалі ў выбарчых кампаніях. Асаблівасцямі ствараемай партыі стала калегіяльнае кіраванне, што дазваляла не спыняць яе працу нават ва ўмовах зняволення некаторых лідараў, і стаўка на кампаніі за вырашэнне сацыяльных праблем: “За свабоду сумлення”, “Моцная сям’я – моцная Беларусь”, “Пакаянне”, якія дапамаглі прыцягнуць да дзейнасці БХД людзей, якія раней не ўдзельнічалі ў палітычным жыцці. У выніку 28 лютага 2009 года адбыўся першы ўстаноўчы з’езд Партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, якая, тым не менш, дагэтуль незарэгістраваная.
![стагоддзе БХД 14](https://krynica.info/wp-content/uploads/2017/05/стагоддзе-БХД-14.jpg)
На сённяшні дзень БХД прайшла шлях ад стадыі неафіта, які спрабуе вучыць іншых, да служэння беларускаму грамадству і беларускаму народу, адзначыў сустаршыня аргкамітэту Віталь Рымашэўскі. Паводле яго, шматлікія кампаніі прынеслі свой плён і паўплывалі на змяненне законаў (аб абортах, рэкламе і абароце алкаголю і іншыя). “Мы не змагаемся супраць кагосьці канкрэтна, мы змагаемся супраць зла”, – дадаў палітык.
Ён адзначыў, што за апошні час у БХД таксама атрымала міжнароднае прызнанне і стала сябрам Еўрапейскай народнай партыі, бо “міжнародная салідарнасць вельмі важная ва ўмовах аўтарытарнай краіны”, а таксама прызнанне ўнутры Беларусі. “Хрысціянская дэмакратыя – гэта палітычнае і сацыяльнае служэнне. Ад нас людзі чакаюць адказу, як упарадкаваць жыццё ў розных сферах, і мы разам з экспертамі распрацоўваем яго, каб стаць народнай партыяй з хрысціянскім сэрцам”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.
![стагоддзе БХД 16](https://krynica.info/wp-content/uploads/2017/05/стагоддзе-БХД-16.jpg)
Кіраўнік шматлікіх кампаній БХД Вольга Кавалькова адзначыла, што хрысціянскія дэмакраты выкарыстоўваюць розныя механізмы для лабіявання сваіх прапаноў. Тут і распрацоўка заканадаўчых прапаноў, і збор подпісаў, і правядзенне круглых сталоў, і сустрэчы з чыноўнікамі. “Калі мы штосьці дасягнулі, мы не спыняем сваю дзейнасць і працуем, пакуль большасць прапаноў не будзе прынятая”, – дадала яна.
![стагоддзе БХД 19](https://krynica.info/wp-content/uploads/2017/05/стагоддзе-БХД-19.jpg)
Нягледзячы на рост і развіццё партыі, галоўнай мэтавай аўдыторыяй, галоўнай падтрымкай і галоўнай крыніцай кадравага патэнцыялу Беларускай хрысціянскай дэмакратыі дагэтуль з’яўляюцца вернікі, падкрэсліў сустаршыня БХД Георгій Дзмітрук.
Лідар Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч распавяла ўжо пра кампаніі МХД, сярод якіх самыя буйныя – “Стоп-спайс” і “Беларусь – у Балонскі працэс”.
А выканаўчы дырэктар Інстытуту развіцця і сацыяльнага рынку Зміцер Кухлей звярнуў увагу на працэс распрацоўкі заканатворчых ініцыятыў БХД, падрыхтоўку праграмы рэформ і законапраектаў.
Пра працу над кампаніяй “Пакаянне”, калі ўдалося сабраць ўспаміны больш за 70-і ахвяраў камуністычных рэпрэсій у Беларусі, распавяла Валерыя Чарнаморцава. “Для нашага грамадства гэта яшчэ актуальна, бо вуліцы дагэтуль носяць імёны савецкіх катаў, а на плошчах стаяць ідалы Леніну”, – адзначыла яна.