Лукашэнка і хакей: няма хлеба, дык хаця б відовішчы

26 мая 2017 13:30  |  Палітыка

Лукашэнка і хакей: няма хлеба, дык хаця б відовішчы

 

Хоць беларускія
ўлады і ўстаючыя на іх бок функцыянеры з міжнародных спартыўных арганізацый і
заяўляюць, што спорт па-за палітыкай, у самой Беларусі ён ужо даўно не проста
палітыка – у Беларусі ён ужо даўно стаў часткай дзяржаўнай ідэалогіі.

Але замест
гэтага, па словах прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, «у хакеі правал, у футболе
правал, у біятлоне, дзе мы заўсёды былі наверсе, – правал», хакейная зборная
правальвае Алімпійскі кваліфікацыйны турнір і другі год запар балансуе на мяжы
вылету з наймацнейшай групы на чэмпіянаце свету. І справа, лічыць ён, не ў тым,
што камусьці недаплацілі ці не прафінансавалі, што цалкам староннія для спорту
людзі спрабуюць ім камандаваць, а ў тым, што «проста зажраліся ў некаторых
відах спорту».

А «спорт – гэта
найвялікшая ідэалогія». «Калі расіяне выйгралі ў немцаў напярэдадні 9 Мая, гэта
ўжо нейкія палітычныя асацыяцыі. Расейцы духам акрыялі. А нам якія падарункі
падаюць нашы дзеячы? Глядзяць мільёны людзей, перажываюць, а ў іх такое
стаўленне», – абураецца прэзідэнт.

На яго думку,
калі нацыянальная каманда гуляе дрэнна, то такі і настрой у мільёнаў людзей,
«добра – гэта натхняе». І вось кіраўнік дзяржавы працягвае спрабаваць уручную
наладзіць гульню беларускіх хакеістаў, прызначае кіраваць хакеем замест былога
галоўнага памежніка цяпер ужо былога кіраўніка Мінскай вобласці (ні тое, ні
іншае не мае непасрэднага дачынення да хакея) і тым самым атрымаць ідэалагічныя
бонусы ад аматараў гэтага віду спорту.

«Гэта настроі
людзей, галоўная ідэалогія любой краіны. Ідэалогія – гэта не лекцыі. На лекцыю
можа прыйсці максімум 300-500 чалавек. Хакейны ж матч глядзяць мільёны», –
упэўнены ён.

Але ўсё роўна,
хоць у хакей і ўкладваецца 18% ад усіх выдаткаў на фізкультуру і спорт з улікам
сродкаў падтрымкі з усіх крыніц, але «замест гонару за колеры свайго сцяга
пасля вашых гульняў заўзятары проста абураюцца». А наперадзе яшчэ і хатні
Чэмпіянат свету 2021, на якім таксама не хочацца зваліцца ў бруд тварам.

Разам з тым, як
адзначыў у каментары БДГ выканаўчы дырэктар Інстытута развіцця і сацыяльнага
рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы Дзмітрый Кухлей, «беларускае кіраўніцтва
ўжо некалькі гадоў не можа выправіць сітуацыю ў любой сферы, за якую яно
бярэцца». А хакей з’яўляецца ўлюбёным відам спорту для кіраўніка дзяржавы, і за
23 гады яго праўлення туды былі накіраваныя вялікія сродкі. У прыватнасці,
эксперт нагадаў пра лядовыя палацы, «якія будаваліся ў перыяд шчодрай падтрымкі
Расеяй беларускай эканомікі за кошт нафтагазавай рэнты».

«Цяпер жа мы бачым
сістэмны крызіс беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, што, хутчэй за ўсё,
абваліла рэйтынгі дзяржаўных інстытутаў. Беларусы перасталі верыць першаму
кіраўніку дзяржавы, які не здольны знайсці выйсце з эканамічнага крызісу. І
нават у сваім любімым відзе спорту – хакеі – правалы. Гэта яшчэ больш падрывае
аўтарытэт прэзідэнта», – упэўнены суразмоўца.

Паводле яго, яшчэ
з часоў Рымскай імперыі многія кіраўнікі імкнуліся ўтрымаць уладу над народам
палітыкай, якая акрэсліваецца як подкуп грамадзян “хлебам і
відовішчамі”. «Але хлеба становіцца ўсё менш, а відовішчы ўсё больш
правальныя. Але хаця б адзін з гэтых элементаў быць павінен», – падкрэсліў
Дзмітрый Кухлей.

На яго думку,
улады краіны вырашылі зрабіць стаўку на відовішчы і яшчэ больш укласці ў
развіццё хакея, тым больш што ў 2021 годзе плануецца правядзенне ў Менску разам
з Рыгай чэмпіянату свету па гэтым відзе спорту. «Замест развіцця эканомікі
беларускія ўлады будуць прадстаўляць сваім грамадзянам гэтую падзею як
відавочны поспех і прызнанне афіцыйнага Менска сярод развітых краін свету.
Хутчэй за ўсё, гэта будзе мець нейкі кароткатэрміновы эфект на настроі
насельніцтва дзякуючы дзяржаўнай прапагандзе», – мяркуе дырэктар Інстытута.

Пры гэтым ён
нагадаў, што пратэсты ў Бразіліі падчас правядзення там чэмпіянату свету па
футболе ў 2014 годзе паказалі, «што галодны народ не будзе трываць капрызы
свайго кіраўніцтва». Не выключае эксперт і тое, што «беларускі народ можа
таксама сапсаваць свайму кіраўніцтву “пір падчас чумы”, калі
эканамічная сітуацыя будзе і далей пагаршацца, а выдаткі лягуць на плечы
падаткаплацельшчыкаў чарговымі паборамі».

БДГ

Болей навін