У Маладзечне збіраюць подпісы за ўшанаванне памяці Генадзя Карпенкі (фота)
25 траўня ў
Маладзечне актывісты Сацыяльна-хрысціянскага руху і Маладыя хрысціянскія
Дэмакраты пачалі на вуліцах збор подпісаў за ўшанаванне памяці Генадзя
Карпенкі, паведаміў мясцовы каардынатар Раман Ганчароў.
Подпісы збіраюць
за тое, каб надаць імя былога мэра стадыёну, які пабудавалі, калі Генадзь
Карпенка ачольваў уладу ў горадзе. Таксама прапануецца паставіць на Цэнтральнай
плошчы замест помніка Леніну помнік Карпенку, а саму плошчу перайменаваць у
гонар Карпенкі.
Генадзь Карпенка
(1949-1999) у 1987 годзе
стаў дырэктарам Маладзечанскага заводу парашковай металургіі. У 1990 годзе
абараніў доктарскую дысертацыю па тэхналогіі матэрыялаў. Зрабіў 50 вынаходніцтваў,
укаранёных у 15 краінах. У 1994 годзе абраны членам-карэспандэнтам Акадэміі
Навук Беларусі. Уганараваны Дзяржаўнай прэміяй. Атрымаў пасведчанне дэпутата
Вярхоўнага Савету 12-га склікання, дзе кіраваў камісіяй па навуцы й
навукова-тэхнічным прагрэсе.
У 1992 годзе
ўзначаліў Маладзечанскі гарвыканкам, і за два гады зладзіў ў горадзе
эканамічныя рэформы, запачаткаваў музычны і тэатральны фестывалі, стварыў
футбольны клуб, карэнным чынам дэсаветызаваў гарадскую тапанімію.
У 1996 годзе
Генадзь Карпенка, тагачасны намеснік старшыні Вярхоўнага Савету 13 склікання,
накіроўваў працэс імпічменту прэзідэнта Лукашэнкі. У 1998 годзе ён стаў на чале
Нацыянальнага выканаўчага камітэту, створанага перад заканчэннем легітымнага
тэрміну кіравання Лукашэнкі. Генадзь Карпенка лічыўся лідарам беларускай апазіцыі
і найбольш верагодным кандыдатам ад апазіцыі на альтэрнатыўных прэзідэнцкіх
выбарах, але раптам памёр за месяц да іх правядзення.