ХДЗБ у Менску. Размежаванне з польскай хадэцыяй
Вайна
заканчвалася; большасць беларусаў вярталася дахаты. 25 лютага 1918 года Менск
занялі немцы.
Напачатку ў
Менску хрысціянская дэмакратыя мела польска-беларускі характар, і, нягледзячы
на тое, што палякі складалі ў ёй меншасць, называлі яе Польскай хадэцыяй.
5 верасня 1918
года на ініцыятыву ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, які служыў вікарыем у Катэдры,
менскія хадэкі пастанавілі арганізаваць самастойную ХДЗ. Магчыма, гэта было
адной з прычынаў, дзеля якіх касцёльная улада ўжо 8 верасня перавяла
Гадлеўскага ў Нясвіж – але праз некалькі тыдняў у Менск прыбыў Фабіян
Абрантовіч, прызначаны рэктарам Менскай каталіцкай духоўнай семінарыі, і
пераняў кіраўніцтва хадэцыяй.
На той момант у
Менску існавалі тры вялікія суполкі ХДЗБ: Катэдральная, якая аб’ядноўвала 500
чалавек, і яшчэ дзве (праўдападобна, Чырвонага касцёла і Траецкая), у кожнай з
якіх налічвалася да 80 актывістаў (“Крыніца” 1918, №3).
Пашырэнне Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці па
Беларусі, 1917-1919
Улетку 1917 года,
падчас аб’езду той часткі Віленскай дыяцэзіі, якая заставалася ў складзе Расеі,
на ўсход ад лініі фронту, біскуп Эдвард Роп дазволіў казаць у касцёлах
беларускія казанні – і заахвоціў стварэнне хрысціянска-дэмакратычных гурткоў пры
парафіях. Відавочна, БХДЗ у вачох біскупа было працягам ягонай справы ў Канстытуцыйна-каталіцкай
партыі Літвы і Беларусі. Беларускія ж ксяндзы, якія і дамагаліся дазволу,
неадкладна пачалі працу.
Першай суполкай
БХДЗ у глыбінцы быў гурток у Дзісне, закладзены ўлетку 1917 года ксяндзом
Вінцэнтам Ташкуном. Тады ж ксёндз Адам Станкевіч заснаваў гурток у Друі:
сустрэчы адбываліся штонядзелі і штосвята ў кляштарных мурах. Неўзабаве ў
выніку працы Станкевіча ўзніклі гурткі ў Іказні (сучасны Браслаўскі раён) і
Барадзенічах (Мёрскі раён), якія вёў ксёндз Віктар Шутовіч. Нарэшце, вялікі асяродак
БХД склаўся ў Шаркаўшчыне пад кіраўніцтвам ксяндза Міхаіла Пятроўскага.
6-7 жніўня 1918
года ў Германавічах тагачаснага Дзісенскага павету (сёння Шаркаўшчынскі раён)
прайшоў з’езд дэканальнага касцёльнага кліру, дзе была прынятая пастанова
спрыяць дзейнасці Хрысціянскай дэмакратыі і развіваць у краі беларускае
школьніцтва.
Такім чынам,
усходняя Віленшчына, з воссю дарогі з Вільні на Полацк, сталася сапраўдным
хрыбтом хрысціянскай дэмакратыі, прычым у народнай тоўшчы, на вёсцы. Якраз
адсюль БХДЗ пачала пашырацца на ўсход, захад і поўдзень.
У 1919 годзе БХДЗ
пашырыла свой уплыў на Ашмяншчыну, дзе пачаў плённа працаваць пробашч у Барунах
Міхаіл Пятроўскі. На Гарадзеншчыне ў 1919-1920 гадах разгарнуў хадэцкі рух Язэп
Германовіч (Ваўкавыскі павет). На Берасцейшчыне (Шарашова і Вялікае сяло
Пружанскага павету) ідэі БХД распаўсюджваў ксёндз Францішак Рамэйка. У
ваколіцах Вільні плённа працавалі Ян Пазняк (Лаварышкі) і Казімір Фалькевіч
(Тургелі), на Полаччыне і Віцебшчыне (Ушачы, Ула, Бешанковічы) – ксёндз Язэп
Барадзюля.
З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя:
1917 – 2017”
Працяг будзе